Пра гэта заявіла віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі і Кая Калас на канфэрэнцыі «Беларусь: стварэньне падмурку для дэмакратычных зьменаў», перадае «Люстэрка».
У сваёй прамове кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі падкрэсьліла, што падтрымка дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі застаецца прыярытэтам Эўрапейскага зьвязу.
«Мы з вамі. Не сымбалічна, а вельмі канкрэтна. Зь ціскам, калі гэта неабходна, з абаронай, калі гэта трэба, і з дапамогай, калі і дзе гэта важна», — заявіла Калас, зьвяртаючыся да прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў.
Асноўнай тэмай ейнага выступу было ўзмацненьне санкцыйнага ціску на афіцыйны Менск.
«Беларусь наўпрост і ўскосна падтрымлівае вайну Расеі. Гэта краіна, якая павінна прытрымлівацца прынцыпаў АБСЭ, уключна зь непарушнасьцю межаў.
Беларусь таксама ўдзельнічае ў сэрыях гібрыдных інцыдэнтаў і правакацый, якія пагражаюць бясьпецы дзяржаў — сябраў ЭЗ. Гэта падтрымка ўварваньня Расеі ў паветраную прастору, інцыдэнты з паветранымі шарамі, зламысны замежны ўплыў, а таксама працяглая арганізацыя міграцыйнага ціску і кантрабанда церазь межы ЭЗ», — пералічыла Калас пагрозы, якія ідуць ад афіцыйнага Менску.
Паводле яе слоў, у адказ на гэта Эўразьвяз рыхтуе пашырэньне санкцыйнага сьпісу.
Таксама ў выступленьні Калас выказала катэгарычную нязгоду з фразай францускага філёзафа Жазэфа дэ Мэстра пра тое, што кожны народ мае той урад, якога ён заслугоўвае.
«Насельніцтва Беларусі не падтрымлівае гэтыя гнюсныя дзеяньні рэжыму. І менавіта таму мы працягваем нашу палітыку дапамогі беларускаму народу», — зазначыла яна.
Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі запэўніла, што ЭЗ гатовы падтрымаць дэмакратычны транзыт у Беларусі, калі для гэтага складуцца ўмовы, у тым ліку выдзеліўшы да трох мільярдаў эўра фінансавай і тэхнічнай дапамогі, як гэта было вырашана краінамі-сябрамі ў чэрвені 2021 году.
«Аўтарытарныя рэжымы, якія разьлічваюць на страх, заўжды больш крохкія, чым падаецца. Мы ведаем гэта з нашай уласнай гісторыі і досьведу. Большасьць краін — сябраў ЭЗ прыйшлі з холаду аўтарытарнага мінулага, — нагадала Калас. — Вашая барацьба доўгая і цяжкая, але яна ня марная».
Раней на гэтай жа канфэрэнцыі эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня Марта Кос абвясьціла пра новы пакет дапамогі для беларускага народу ў памеры 30 млн эўра. Гэтыя сродкі пойдуць на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і ініцыятыў у выгнаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісарка Марта Кос: Ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў зь Беларусі