Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію агенцтву Bloomberg, што ў ЗША, Украіны і Расеі няма адзінага меркаваньня па пытаньні аб далейшым лёсе тэрыторый Данбасу.
Паводле яго слоў, Кіеў настойвае на асобнай дамове аб гарантыях бясьпекі ад заходніх саюзьнікаў, перш за ўсё ЗША.
«Ёсьць адно пытаньне, на якое я — і ўсе ўкраінцы — хочам атрымаць адказ: калі Расея зноў пачне вайну, што зробяць нашы партнэры», — сказаў Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт зрабіў гэтую заяву празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў зь яго крытыкай: ён заявіў, што «крыху расчараваны» украінскім лідэрам, які, паводле яго слоў, «яшчэ не азнаёміўся з прапановай ЗША». Няясна, ці ідзе гаворка пра плян, які раней абмяркоўваўся, ці пра новы варыянт.
Плян заканчэньня вайны скарочаны да 20 пунктаў. Кіеў ня хоча аддаваць тэрыторыі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў ня хоча аддаваць тэрыторыі, Вашынгтон шукае кампрамісы.
«Мы паводле закону ня маем права, паводле Канстытуцыі, паводле міжнароднага права і маральнага права. Безумоўна, Расея настойвае, каб мы аддалі тэрыторыі. Мы, безумоўна, ня хочам нічога аддаваць, за гэта мы і змагаемся. Амэрыканцы сёньня шукаюць кампрамісы», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне, ці разглядае Кіеў пытаньне аб адмове ад тэрыторый.
«Было 28 пунктаў, стала 20. Выраўнавалі гэты кірунак і зусім адкрыта непраўкраінскія пункты адышлі.
Настрой амэрыканцаў, у прынцыпе, за тое, каб знаходзіць кампраміс.
Безумоўна, ёсьць складаныя пытаньні, якія тычацца тэрыторыі. Там кампраміс пакуль ня знойдзены», — сказаў Зяленскі.
У панядзелак Зяленскі сустрэўся ў Лёндане з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам, прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. Лідэры заявілі, што хочуць выпрацаваць дакладныя пляны на выпадак заключэньня мірнага пагадненьня.
Раней крыніца агенцтва Reuters у брытанскім урадзе заявіла, што на сустрэчы таксама плянавалася абмеркаваць магчымасьць выкарыстаньня замарожаных расейскіх актываў.
Першапачатковая вэрсія пляну ЗША (яна была апублікаваная СМІ, але не апублікаваная афіцыйна) прадугледжвала перадачу ўсяго Данбасу Расеі, вывад украінскіх войскаў з кантраляваных Украінай тэрыторый Данецкай вобласьці і замарозку баявых дзеяньняў у Херсонскай і Запароскай вобласьцях па лініі судакрананьня. Пасьля кантактаў з украінскай дэлегацыяй ЗША абнавілі дакумэнт і, паводле зьвестак The New York Times, выключылі тэрытарыяльныя пункты, прапанаваўшы вынесьці іх на «будучыя перамовы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні, грошы, ядзерная зброя. Што для Беларусі мяняе новая Стратэгія нацыянальнай бясьпекі ЗШАПа дадзеных выданьня Axios, падчас размовы Зяленскага з прадстаўнікамі прэзыдэнта ЗША Стывэнам Уіткафам і Джарэдам Кушнэрам, якая адбылася 6 сьнежня, абмяркоўваліся тэрытарыяльныя пытаньні і гарантыі бясьпекі. Як распавёў суразмоўца выданьня, абмеркаваньне тэрытарыяльных пытаньняў было «складаным». Расея па-ранейшаму патрабуе ад Украіны вывесьці войскі з падкантрольных ёй тэрыторый Данбасу, але ЗША «спрабуюць распрацаваць новыя ідэі для вырашэньня гэтай праблемы».