Ініцыятыва BelPol атрымала дакумэнт, які дазваляе ўбачыць рэальную карціну таго, што адбываецца ў вобласьці.
«Згодна з дакумэнтам, пачынаючы з 2025 году на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці зафіксавалі 42 выпадкі падзеньня БПЛА, а таксама іх частак. Асабліва трывожыць тое, што тры з гэтых БПЛА былі абсталяваныя выбуховымі рэчывамі: адзін бесьпілётнік здэтанаваў пры падзеньні, два былі абясшкоджаныя сапэрамі шляхам кантраляванага падрыву», — паведамляе BelPol.
Матэрыялы праверак гэтых фактаў разглядае ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў Берасьцейскай вобласьці.
«На 1 сьнежня 2025 году адносна 27 матэрыялаў праверкі было прынята рашэньне аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы паводле п. 1 ч. 2 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — гэта значыць з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Падобнае рашэньне сьледзтва магло вынесьці толькі ў тым выпадку, калі прыналежнасьць БПЛА да Ўзброеных сілаў Расеі была дакладна высьветленая», — піша BelPol.
Паводле ініцыятывы, маштабы падзеньняў БПЛА на гомельскім кірунку могуць быць яшчэ большымі, што робіць праблему сыстэмнай.
- BelPol — ініцыятыва былых сілавікоў, якія перайшлі на бок дэмакратычнага руху.
- Яны часта грунтуюцца на інфармацыі з крыніц, якія немагчыма спраўдзіць.