Як паведаміла выданьне delfi.lt, урад павінен разгледзець магчымасьць выплаты кампэнсацыі перавозьнікам за кошт замарожаных беларускіх актываў, сярод якіх — санаторый «Беларусь» у Друскеніках.
«Трэба правесьці інвэнтарызацыю, высьветліць, колькі цягачоў знаходзіцца ў закладніках, бо сытуацыя насамрэч не такая, як нам пра яе паведамляюць. Мова ідзе аб іншай колькасьці. І проста трэба зразумець, што іх страцяць, а перавозьнікам давядзецца выплачваць кампэнсацыю. Але не зь літоўскага бюджэту, а за кошт беларускай маёмасьці ў Літве», — сказаў Саўлюс Сквярняліс.
Колішні прэм’ер мяркуе, што можна ініцыяваць адпаведныя юрыдычныя працэдуры, у тым ліку ацаніць кошт маёмасьці і апісаць яе.
«Калі цягачы канфіскуюць, адпаведна асымэтрычныя меры ўхваляць і ў Літве. Іншы бок павінен гэта зразумець», — перакананы палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літва адкрыла мяжу на знак добрай волі, але гэта не спрацавала», — Рыкард Юзьвяк пра новыя санкцыі Эўразьвязу за беларускія балёныПасьля актывізацыі прылётаў зь Беларусі мэтэазондаў з кантрабандай, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы часова закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі пасьля закрыцьця Літвою мяжы забаранілі рух па краіне зарэгістраваных у Літве грузавікоў. Было абвешчана, што перавозьнікі, якія завязьлі на мяжы, павінны разьмясьціць свае транспартныя сродкі на спэцыяльных паркоўках і плаціць за гэта. Аднак пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, літоўскія фуры па-ранейшаму стаяць на мяжы зь Беларусьсю, у сувязі з чым Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі. Беларускі бок патрабуе пачатку палітычных перамоваў на гэтую тэму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль літоўскія фуры застаюцца заблякаванымі, МЗС Беларусі накіраваў Вільні ноту з патрабаваньнем кансультацыяў на палітычным узроўні