Беларускія баскетбалісты і надалей ня будуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах

Цмокі-Зэніт. 2014 год. Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная фэдэрацыя баскетболу (ФІБА) падоўжыла адхіленьне зборных і клюбаў Беларусі і Расеі ад міжнародных спаборніцтваў. Рашэньне прынялі 5 сьнежня на пасяджэньні Цэнтральнай рады ФІБА ў швайцарскай камуне Мі, яно мае сілу прынамсі да сярэдзіны лютага 2026 году.

ФІБА адзначае, што, калі гэта стане магчымым, арганізацыя гатовая зрабіць выключэньні, каб гульцы абедзьвюх краін змаглі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 2028 году, бо яны ня могуць удзельнічаць у ключавых турнірах 2026–2027 гадоў, якія даюць кваліфікацыю, піша Позірк.

Санкцыі супраць беларускага і расейскага баскетболу дзейнічаюць ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну і ня раз падаўжаліся. У розныя гады клюбы і зборныя Беларусі і Расеі выключалі з эўрапейскіх лігаў, адхілялі ад кваліфікацыйных турніраў і забаранялі спаборніцтвы на тэрыторыі абедзьвюх краін.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у 2022 годзе рэкамэндаваў не дапускаць атлетаў з РФ і Беларусі, а пазьней дазволіў удзел толькі ў нэўтральным статусе — але гэта не тычыцца камандных відаў спорту.

Старшынём Беларускай фэдэрацыі баскетболу застаецца міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску плянуюць усталяваць звыш 20 000 відэакамэраў на жылых дамах