Улады на рэгіянальным узроўні актывізавалі кампанію рэкрутынгу ў «народнае апалчэньне»

«Апалчэнцы» на зборах, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У раённых выданьнях Беларусі зь лета праходзіць сыстэмная агітацыйная кампанія фармаваньня «народнага апалчэньня». У ёй удзельнічаюць кіраўнікі і супрацоўнікі раённых аддзелаў унутраных справаў.

Усе матэрыялы маюць аднастайныя назвы: «Народнае апалчэньне: хто можа ўступіць у шэрагі добраахвотнікаў» («Свіслацкая газета», 14 лістапада), «Што такое народнае апалчэньне і хто можа ў яго ўступіць?» («Дзянніца», 30 чэрвеня), «Народнае апалчэньне: што гэта і хто можа стаць добраахвотнкам?» (bykhov.by, 25 ліпеня) і гэтак далей.

Нягледзячы на тое, што адпаведны закон набыў юрыдычную моц у ліпені 2023 году, фармаваньні пачалі актыўна прапагандаваць толькі зь лета 2025 году. Усе публікацыі будуюцца паводле аднаго ўзору: у іх апавядаюць, што такое «народнае апалчэньне», ягоныя задачы, хто можа далучыцца і якія перавагі маюць тыя, хто вырашыў стаць «апалчэнцам».

«Гэта, як расказаў першы намесьнік начальніка Брагінскага РАУС Мікалай Якунін, узброенае фармаваньне, створанае зь ліку грамадзян, ахвочых дапамагчы органам унутраных справаў у часе ваеннага становішча», — напісала 6 сьнежня выданьне bragin.by.

Прадстаўнік раённай міліцыі адзначыў, што тыя, хто далучыцца да «апалчэньня», будуць мець «пэўныя гарантыі», у тым ліку вызваленьне ад працоўных абавязкаў для ўдзелу ў дзейнасьці «апалчэньня».

«Пры гэтым за добраахвотнікам захоўваюцца месца працы, пасада і заробак», — падкрэсьліў Мікалай Якунін і ўдакладніў, куды людзі могуць зьвяртацца, каб стаць «апалчэнцам» і абараняць «свой дом, сям’ю і малую бацькаўшчыну ў цяжкую хвіліну».

Улады пакуль не называлі агульную колькасьць грамадзян, якія ўжо далучыліся да «народнага апалчэньня». У сакавіку 2024 году паведамлялі, што ў Менскім раёне ў «апалчэнцы» запісаліся больш за 1,5 тысячы чалавек, зь якіх 10% жанчыны.

У Браслаўскім раёне на 25 ліпеня ў атрады запісалася прыблізна 200 чалавек.

Міністэрства абароны Беларусі паведамляла аб некалькіх вучэньнях тэрытарыяльных войскаў з удзелам «народнага апалчэньня», але дакладную колькасьць атрадаў і іх удзельнікаў ніводнага разу не называлі. Міністар абароны Віктар Хрэнін толькі казаў, што ўлады «ведаюць, колькі людзей хочуць далучыцца да апалчэньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве «народнае апалчэньне» прадэманстравала кіраўнікам вэртыкалі свае навыкі ў абароне аэрапорту

У рэгіянальных дзяржаўных выданьнях пісалі, што «апалчэньні» сфармавалі ў Полацкім і Пастаўскім раёнах, у Віцебску і ў Магілёве. Але і там дакладную колькасьць не называлі.

У сакавіку 2025 году намесьнік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў аб першачарговым стварэньні падразьдзелаў «народнага апалчэньня» ў памежных з Украінай раёнах.

«Ува ўсіх гэтых гарадках [ля мяжы з Украінай], вы ведаеце, жадаючых сотні, але могуць быць набраныя 150–200 чалавек, каб была спарадкаваная сыстэма падрыхтоўкі і яны былі разьбітыя на пэўныя такія падразьдзелы», — сказаў ён.

У гэтыя падразьдзелы, паводле яго, набіраюцца «сур’ёзныя мужыкі, якія ў 70–80-я гады [мінулага стагодзьдзя] служылі ў войску», — заявіў Карпянкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «МУС набірае „сур’ёзных мужыкоў“, якія служылі ў войску ў 70–80 гады», — Карпянкоў пра набор у «народнае апалчэньне» і залёт дронаў

Закон «Аб народным апалчэньні» Аляксандар Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня 2023 году. Ім створаныя праўныя асновы для «добраахвотнага ўдзелу грамадзян у забесьпячэньні ваеннага стану, дадатковыя ўмовы для садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры выкананьні імі паўнамоцтваў і абароны маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці ад злачынных і іншых замахаў».

«Асноўнай задачай для народнага апалчэньня застаецца абарона перш за ўсё свайго дому, сваёй маёмасьці і выкананьне мерапрыемстваў па забесьпячэньні правапарадку сумесна зь міліцыяй», — казаў раней міністар абароны Віктар Хрэнін.

Паводле закону, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шэрагі «народнага апалчэньня», будуць знаходзіцца на месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць іх ад працы з захаваньнем заробку і працоўнага месца. Таксама прадугледжана, што на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і на вайскоўцаў пры мабілізацыі.