Рэйсы ў Тэль-Авіў «Белавія» з 8 студзеня будзе выконваць двойчы на тыдзень, у чацьвер і нядзелю. Вылет зь Менску а 07:10, прыбыцьцё ў Тэль-Авіў а 12:20. Зваротны рэйс з Тэль-Авіву а 13:15, прыбыцьцё ў Менск а 20:40.
Палёт Менск — Тэль-Авіў зойме 6 гадзін 10 хвілін туды і 6 гадзін 25 хвілін — назад, паведамляе авіякампанія.
Рэйсы будуць выконваць самалёты Boeing 737-8.
У чэрвені сёлета генэральны дырэктар кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец казаў:
«У Ізраіль нас не пускалі і не пускаюць ізраільскія ўлады, хоць мы б хацелі».
Раней ізраільская авіякампанія Arkia аб’явіла аб запуску простага рэйсу з Тэль-Авіву ў Менск зь лютага 2026 году. Пра гэта паведаміла ізраільскае інфармацыйнае агенцтва «Курсор». Палёты таксама будуць выконвацца двойчы на тыдзень — у панядзелкі і пятніцы. Час у дарозе павінен скласьці прыкладна 3 гадзіны 45 хвілін у бок Беларусі і каля 3 гадзін 30 хвілін на зваротным маршруце.
Ці спадзяецца авіякампанія, што да лютага скончацца ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, або хоча ўкласьціся ў заяўлены час, аблятаючы зону канфлікту, не ўдакладняюць.
Паведамляюць, што «камэрцыйны дырэктар Arkia Сапір Іфарган падкрэсьліла, што запуск рэйсу ў пляне пашырэньня сеткі кампаніі ў 2026 годзе, гэта рэакцыя на рост цікавасьці пасажыраў да простых пералётаў ва Ўсходнюю Эўропу».
Раней Arkia ажыцьцяўляла палёты ў Менск у 2016 годзе, таксама штопанядзелка і штопятніцы.
15 траўня амбасадар Беларусі ў Ізраілі Юры Ярашэвіч і генэральны дырэктар Дэпартамэнту цывільнай авіяцыі Ізраілю Шмуэль Закай абмеркавалі пэрспэктывы супрацы ў галіне. Падрабязнасьцяў МЗС Беларусі не падаваў, ізраільскі бок аб сустрэчы ня згадваў.
Як паведаміла газэта The Jerusalem Post, аб аднаўленьні простых рэйсаў авіякампаніі «Белавія» ў Ізраіль з 1 чэрвеня сёлета Ярашэвіч заяўляў 21 красавіка на сустрэчы з ізраільскім прэзыдэнтам Іцхакам Герцагам пры ўручэньні даверчых лістоў.
Цяпер зь Менску ў Тэль-Авіў пасажыры ў асноўным лятаюць праз Баку ці Тбілісі.
30 траўня 2022 году «Белавія» паведаміла, што авіяцыйныя ўлады Ізраілю адмовіліся абслугоўваць самалёты у аэрапорце Бэн-Гурыён, таму авіякампанія мусіла скасаваць раней заплянаваныя рэйсы ў Тэль-Авіў.
На той час «Белавія» ўжо была пад санкцыямі асобных краін Эўропы ў адказ на прымусовую пасадку рэйсу FR4978 маршруту Атэны — Вільня 23 траўня 2021 году, а зь сьнежня 2021 году — і пад санкцыямі Эўразьвязу.
16 чэрвеня 2022 году «Белавія» трапіла пад амэрыканскія санкцыі, што з улікам шчыльных сувязяў паміж Ізраілем і ЗША зрабіла фактычна немагчымымі палёты паміж Менскам і Тэль-Авівам, у прыватнасьці на самалётах Boeing беларускага перавозьніка. У 2025 годзе амэрыканскія санкцыі з авіякампаніі былі зьнятыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» пасьля адмены амэрыканскіх санкцый зьбіраецца купіць новыя самалёты