Вільня заклікала Эўразьвяз увесьці новыя санкцыі супраць Менску ў сувязі з залётамі ў Літву аэрастатаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Літва таксама зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з просьбай дапамагчы вярнуць больш за тысячу літоўскіх грузавікоў, якія ня могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі ад моманту закрыцьця мяжы. Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што Брусэль рыхтуе далейшыя захады адносна Беларусі ў рамках рэжыму санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Рыхтуем далейшыя меры ў рамках рэжыму санкцый». Прэзыдэнты Эўракамісіі і Літвы абмеркавалі сытуацыю на літоўска-беларускай мяжыНа думку эўрапейскага рэдактара Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка, Эўразьвяз мае няшмат магчымасьцяў прымусіць Менск вярнуць грузавікі, акрамя санкцыяў і зваротаў у міжнародныя арганізацыі, як ААН і арганізацыя Эўрапейскага пагадненьня аб працы экіпажаў транспартных сродкаў, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі.
Юзьвяк упэўнены, што Брусэль увядзе дадатковыя санкцыі супраць Беларусі, асобна ад 20-га пакета санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі і Расеі за агрэсію супраць Украіны.
Рыкард Юзьвяк
Паводле інфармацыі эўрапейскага рэдактара Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, асобны пакет санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі будзе ўведзены ў бліжэйшыя тыдні. Эўразьвяз будзе працаваць над зьменай рэжыму санкцый супраць Беларусі, каб уключыць «гібрыдныя атакі» у сьпіс парушэньняў, якія падпадаюць пад санкцыі.
Юзьвяк адзначыў, што чакаецца як пашырэньне пэрсанальных санкцыяў, гэтак і сэктаральныя санкцыі супраць пэўных галінаў беларускай эканомікі.
Паводле яго, у Эўразьвязе ёсьць адзінадушная пазыцыя ў пытаньні гэтых дадатковых санкцыяў адносна Беларусі — магчыма, за выключэньнем Вугоршчыны, але і яна пакуль выразна не пярэчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ня можа ляцець тысячу кілямэтраў» Што вядома пра дрон, які, з словаў беларускіх сілавікоў, прыляцеў у Горадню зь ЛітвыРыкард Юзьвяк адзначае, што ў гэтым пытаньні Брусэль і большасьць эўрапейскіх сталіцаў маюць іншае ўяўленьне, чым Злучаныя Штаты. Эўрапейскія дзяржавы зьвяртаюць увагу на гібрыдныя атакі, кшталту палётаў балёнаў зь Беларусі ў Літву, на мігрантаў, якія накіроўваюцца зь Беларусі да межаў ЭЗ, на працяг арыштаў прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
У адрозьненьне ад Вашынгтону ў Брусэлі кажуць, што ня бачаць ніякіх істотных зьменаў да лепшага ў Беларусі, нягледзячы на вызваленьне некаторых палітвязьняў.
Урад Літвы ўпершыню прадставіў Эўразьвязу свае прапановы ў санкцыях адносна Беларусі за палёты паветраных балёнаў з кантрабандай яшчэ напрыканцы кастрычніка. Санкцыі дагэтуль не ўвялі. Між тым у 2021 годзе, калі спэцслужбы Аляксандра Лукашэнкі прымусова пасадзілі ў Менску самалёт Ryanair, рашэньне аб санкцыях у адказ Эўразьвяз прыняў літаральна за некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці дапаможа Эўразьвяз Літве ў супрацьстаяньні з Лукашэнкам — меркаваньне палітоляга КазакевічаРыкард Юзьвяк тлумачыць, што прымусовае затрыманьне самалёта было міжнародным інцыдэнтам, у якім закранулі інтарэсы некалькіх дзяржаваў адначасова, і ён быў беспрэцэдэнтным. Таму ЭЗ мусіў дзейнічаць хутка. Палёты паветраных балёнаў — гэта хутчэй «лякальны» інцыдэнт, адзначае Юзьвяк.
«Калі я размаўляў зь літоўскімі дыпляматамі, у мяне склалася ўражаньне, што яны спачатку хацелі вырашыць гэта на двухбаковым узроўні і нядаўна адкрылі мяжу на знак „добрай волі“ — каб паглядзець, ці спрацуе гэта. Відавочна, што гэта не спрацавала, і цяпер яны замест гэтага гатовыя працаваць з санкцыямі. І гэта тое, чаго астатнія 26 чальцоў ЭЗ таксама цалкам гатовыя дамагацца», — кажа эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода