Дата дня
30 лістапада 1899 году нарадзіўся пісьменьнік Міхась Лынькоў. Ён увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар апавяданьняў і аповесьцяў для дзяцей. Сярод іх — кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Міколка-паравоз» і іншыя. У 1962 годзе атрымаў званьне народнага пісьменьніка БССР.
Таксама ў гэты дзень
1409 — у Берасьці пачалася таемная нарада польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Яны яны распрацавалі плян супольнай вайны супраць Тэўтонскага ордэну, які прывёў да перамогі.
1595 — казацкі атрад Севярына Налівайкі авалодаў Магілёвам. (Гэтую дату называе Баркулабаўскі летапіс, іншыя крыніцы падаюць 13 сьнежня).
1700 — у бітве пад Нарвай 9-тысячнае войска Карла XII разьбіла ў некалькі разоў большае расейскае войска. Пасьля гэтай перамогі Карл XII засяродзіўся на вайне ў Рэчы Паспалітай, што дало Пятру I магчымасьць рэфармаваць сваю армію. У 1704 годзе расейскія войскі захапілі Нарву больш як на два старогодзьдзі.
1939 — Савецкі Саюз без абвяшчэньня вайны напаў на Фінляндыю. Паводле сакрэтнага пратаколу да пакту Молатава — Рыбэнтропа, Фінляндыя ўваходзіла ў сфэру інтарэсаў СССР. Нягледзячы на значную перавагу савецкіх войскаў, Фінляндыя адстаяла сваю незалежнасьць, хоць і страціла частку сваёй тэрыторыі.
Фінскія салдаты ў абароне падчас савецка-фінскай вайны
1982 — выйшаў альбом Майкла Джэксана Thriller, які дагэтуль застаецца самым прадаваным музычным альбомам у гісторыі музыкі. У сьвеце прадалі каля 70 мільёнаў ягоных асобнікаў.
1988 — СССР перастаў глушыць Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інфармацыйны пратэст. Як беларусы падчас таталітарызму таемна слухалі «заходнія галасы»1993 — урочышчу Курапаты быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.
2000 — у Менску Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне пра ўвядзеньне адзінай валюты і стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы. Беларусь мела перайсьці на расейскі рубель у 2005 годзе, а ў 2008-м абедзьве краіны — на адзіную саюзную валюту. Гэтыя пляны так і не былі рэалізаваныя.
2011 — Вярхоўны суд Беларусі асудзіў на сьмяротнае пакараньне Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва ў справе тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, ад якога загінулі 15 чалавек. Рэпартажы з судовай залі вёў журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, яны ляглі ў асновую ягонай кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Алег Грузьдзіловіч. Хто ўзарваў менскае мэтро2020 — у Менску адбыўся дзявяты Марш пэнсіянэраў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Марш пэнсіянэраў 30 лістапада 2020 году
У гэты дзень нарадзіліся
1427 — Казімер IV Ягайлавіч, вялікі князь літоўскі і кароль польскі. Падчас ягонага кіраваньня ў ВКЛ стварылі Судзебнік 1468 году — адзін зь першых зборнікаў пісанага права дзяржавы.
1591 — Андрэй Баболя, каталіцкі сьвятар, езуіт, місіянэр, апостал Палесься, сьвяты. У 1657 годзе падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай яго ў Янаве-Палескім забілі казакі. У 1938 годзе Баболю кананізавалі.
«Сьвяты Андрэй Баболя», карціна Алеся Пушкіна, 2014 год
1667 — Джанатан Сьвіфт, ірляндзкі пісьменьнік, аўтар «Падарожжаў Гулівэра». На беларускую мову яго перакладалі Вацлаў Пануцэвіч і Анатоль Кудравец.
1835 — Марк Твэн, амэрыканскі пісьменьнік, аўтар «Прыгодаў Тома Соера», «Прыгодаў Гекльбэры Фіна», «Прынца і жабрака». На беларускую мову ягоныя творы перакладалі Макар Краўцоў, Янка Маўр, Алесь Савіцкі ды іншыя беларускія літаратары.
Марк Твэн
1874 — Ўінстан Чэрчыль, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі, адзін зь лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1953 году «за майстэрства гістарычнага і біяграфічнага апавяданьня, а таксама за бліскучае прамоўніцкае мастацтва ў абарону высокіх чалавечых каштоўнасьцяў».
Уінстан Чэрчыль
1895 — Андрэй Блажэвіч, вядучы актор трупы Галубка, вязень ГУЛАГу.
1928 — Галіна Арлова, беларуская акторка, народная артыстка БССР. Працавала ў тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1959 году — у Купалаўскім тэатры ў Менску, якому аддала больш за 60 гадоў жыцьця.
1936 — Іван Крэнь, беларускі гісторык.
У памяці
1900 — Оскар Ўайлд, ірляндзкі пісьменьнік.
Оскар Уайлд
1991 — Вацлаў Пянткоўскі, каталіцкі сьвятар, вязень савецкіх лягераў. У 1970-я гады арганізаваў у Мядзьведзічах на Ляхавіччыне падпольную духоўную сэмінарыю.
2019 — Іван Крамко, мовазнаўца, гісторык беларускай мовы.