У Беларусі заявілі, што Польшча афіцыйна паведаміла аб адкрыцьці двух пунктаў пропуску 17 лістапада

Польскі пункт пропуску Баброўнікі на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Рэгістрацыя ў электронную чаргу пачнецца перад беларускімі пунктамі пропуску з 20:00 16 лістапада.

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі заявілі аб атрыманьні афіцыйнага паведамленьня Польшчы аб адкрыцьці з 2:00 беларускага часу 17 лістапада двух пунктаў пропуску Кузьніца Беластоцкая-Брузгі і Баброўнікі-Бераставіца.

Беларускія мытнікі пацьвердзілі, што праз пункт пропуску Кузьніца Беластоцкая дазволяць толькі пасажырскі рух, за выключэньнем аўтобусаў, а праз Баброўнікі — легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, а таксама грузавікоў з краін Эўразьвязу, краін-удзельніц дамовы аб Эўрапейскай эканамічнай прасторы і Швайцарыі.

«Мытныя органы цалкам гатовыя да аднаўленьня руху ў сумежных пункта пропуску Брузгі і Бераставіца — мытныя органы ўкамплектаваныя, інфраструктура ўдасканаленая, усе наяўныя тэхнічныя сродкі функцыянуюць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Беларускі бок перакананы, што «адкрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску дазволіць палепшыць сытуацыю ў памежжы».

Аналягічную заяву зрабілі і ў Дзяржаўным памежнымі камітэце Беларусі. Памежнікі ўдакладнілі, што аб адкрыцьці мяжы Польшча праінфармавала беларускі бок 14 лістапада.

Беларускія памежнікі папярэдзілі, што з улікам функцыянаваньня электроннай чаргі перад пунктамі пропуску Бераставіца і Брузгі рэгістрацыя ў зонах чаканьня перад імі пачнецца з 20:00 16 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто зможа езьдзіць праз два пераходы на беларуска-польскай мяжы, якія Польшча адкрые ў панядзелак

Варшава раней заяўляла пра гатоўнасьць адкрыць гэтыя два пераходы (Кузьніца была закрытая з 9 лістапада 2021 году, а Баброўнікі з 10 лютага 2023 году), але гэтыя пляны былі адкладзены пасьля рашэньня Літвы закрыць мяжу з Беларусьсю.

«Мы можам падзякаваць нашым партнэрам у Польшчы за тое, што яны трымалі памежныя пункты з Беларусьсю закрытымі значна даўжэй, чым плянавалася», — пракамэнтаваў 14 лістапада цяперашняе рашэньне Альгірдас Дабравольскас, дарадца прэм’ер-міністаркі Літвы Інгі Ругінене.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск адкладае перамовы зь Літвой да аўторка. Польшча адкрые Кузьніцу і Баброўнікі ў панядзелак