Пасьля таго, як кабінэт міністраў ухваліць праект, падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў (МУС), ён будзе накіраваны ў Сейм.
Як інфармуе LRT, дэпутатам, імаверна, прапануюць разгледзець папраўкі ў парадку асаблівай тэрміновасьці, бо справа на тле прылёту аэрастатаў зь Беларусі набыла вялікую грамадзкую значнасьць.
«Гэтыя папраўкі падрыхтаваныя ў адказ на пагрозы нацыянальнай бясьпецы, зьвязаныя зь нядаўняй актывізацыяй кантрабанды з дапамогай мэтэазондаў», — сказаў міністар унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.
«Дзейныя санкцыі за кантрабанду ацэньваюцца як неэфэктыўныя», — сказаў ён.
Тлумачальная запіска да праекту паведамляе, што цяпер кантрабандысцкімі паветранымі шарамі звычайна перавозіцца каля 1,5 тыс. пачакаў цыгарэт ці іншых тавараў падобнага памеру, сума складае каля 6 тыс. эўра.
Кантрабанда такога кошту не прыводзіць да крымінальнай адказнасьці, можа пагражаць толькі адміністрацыйны штраф, памер якога можа дасягаць 6 тыс. эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з аэрастатаў, якія парушылі працу Віленскага аэрапорту, заляцеў у «вельмі небясьпечную зону»На думку міністэрства, дзейнае рэгуляваньне недастаткова выразнае і пасьлядоўнае ў выпадках, калі парушэньні, зьвязаныя з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў, уключаючы кантрабандысцкія паветраныя шары, ствараюць значныя пагрозы і наступствы для цывільнай авіяцыі і грамадзкай бясьпекі.
Прапануецца ўзмацніць жорсткасьць крымінальнай адказнасьці за кантрабанду любым спосабам: па паветры, па вадзе, аўтамабілямі, — калі яна пацягнула за сабой небясьпеку для жыцьця або здароўя чалавека, прадпрыемства, важнага для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, парушыла бясьпечны рух транспарту або груба парушыла грамадзкі парадак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас 60% беларускіх кіроўцаў». Чаму спыненьне літоўскіх фураў у Беларусі шкодзіць таксама беларусам і беларускаму бізнэсуЗа кантрабанду тавараў, якія падлягаюць абкладаньню мытнай пошлінай, акцызных тавараў, у тым ліку цыгарэтаў, прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў. Аналягічнае пакараньне прадугледжанае за кантрабанду ядзерных, радыеактыўных, наркатычных, атрутных, хімічных, біялягічных рэчываў, мікраарганізмаў, таксінаў.
Пры гэтым за кантрабанду зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў прапануецца судзіць на тэрмін ад 6 да 10 гадоў, наркатычнай сыравіны (прэкурсораў) — ад 4 да 12, допінгу — ад 2 да 6 гадоў.
Папраўкі ў Літве падрыхтавалі пасьля таго, як на працягу апошняга месяца палёты паветраных шароў зь Беларусі, што несьлі кантрабанду, парушалі працу аэрапортаў Вільні і Коўны. Гэтыя здарэньні прывялі да рашэньня ўраду закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц — да 30 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь афіцыйна адмовіла Літве ў просьбе выпусьціць яе заблякаваныя фуры