Дата дня
7 лістапада 1917 году ў Расеі адбыўся бальшавіцкі пераварот, які ўвайшоў у гісторыю як Кастрычніцкі.
У 1995 годзе дату бальшавіцкага перавароту вярнулі ў шэраг афіцыйных сьвятаў Беларусі. Колькасьць ахвяраў савецкага камунізму ацэньваюць у дзясяткі мільёнаў чалавек.
Таксама ў гэты дзень
1902 — у Менску ўрачыста адкрылі каменную Саборную мячэць, збудаваную на месцы ранейшай драўлянай (25 кастрычніка паводле старога стылю). Яна месьцілася непадалёк ад цяперашняй гасьцініцы «Юбілейная». У савецкі час мячэць закрылі, а ў 1962 годзе зьнішчылі. Новую Саборную мячэць у Менску адкрылі ў 2016 годзе, ужо на іншым месцы.
1925 — выйшаў першы нумар беларускай газэты Oktiaber на ідышы. Яна выходзіла штодня да самага пачатку савецка-нямецкай вайны.
1933 — у Менску ўрачыста адкрылі аэрапорт. У дзень адкрыцьця ў Маскву вылецеў пасажырскі самалёт К-5. Аэрапорт «Менск-1» закрыты 28 чэрвеня 2018 году. Цяпер на ягоным месцы мікрараён «Менск-Сьвет», у якім захавалі будынак аэравакзалу.
1933 — у Менску ўрачыста адкрылі Дом ураду.
1941 — нацысты 7–8 лістапада забілі больш за 5 тысяч вязьняў Бабруйскага гета.
1967 — ААН прыняла Дэклярацыю супраць дыскрымінацыі жанчын.
1990 — у Менску прайшоў шматтысячны антыкамуністычны мітынг на плошчы Леніна.
2000 — Джорджа Буша-малодшага абралі прэзыдэнтам ЗША.
2004 — пачала трансьляцыі Беларуская служба «Радыё Швэцыя». Спыніла дзейнасьць 1 верасьня 2009 году.
2020 — адкрылася для пасажыраў трэцяя лінія Менскага метрапалітэну.
У гэты дзень нарадзіліся
1790 — Караль Падчашынскі, беларускі архітэктар, аўтар рэканструкцыі касьцёла Сьвятых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускулянах, Жылічах, будынкаў гімназіяў у Слуцку, Камянцы Падольскім і Сьвіслачы, вучэльняў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.
1867 — Марыя Складоўская-Кюры — адна з заснавальніц навукі пра радыяактыўнасьць. Разам з мужам П’ерам Кюры адкрыла хімічныя элемэнты палёній і радый. У 1903 годзе стала першай жанчынай — ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі (у фізыцы), а ў 1911-м атрымала другую — у хіміі.
Марыя Кюры, 1925 год
1879 — Леў Троцкі (Бранштэйн), адзін з кіраўнікоў бальшавіцкага перавароту 1917 году. Нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Украіны. У 1940 годзе забіты ў Мэксыцы агентам савецкіх спэцслужбаў.
1886 — Генрык Бэта (літаратурны псэўданім Генрык Бярозка), каталіцкі сьвятар, беларускі рэлігійны і культурны дзяяч. У 1911 годзе выдаў па-беларуску кніжку пра пчалярства «Пчаліна — жывёлка малая, а карысьці дае многа», а ў 1915 годзе — драматычны твор «Бэтлейка».
1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху, кіраўнік Рэвалюцыйнай паўстанцкай арміі Ўкраіны.
Нестар Махно
1896 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік. Быў адным з кіраўнікоў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі. Чарота расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.
Вокладка кнігі «Марына». 1926 год
1897 — Міхась Каршук, беларускі краязнавец, асьветнік у БССР.
1913 — Альбэр Камю, францускі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 1957 году. Аўтар раманаў «Чужаніца», «Чума», «Падзеньне» і філязофскага эсэ «Міт пра Сызыфа».
1918 — Канстанцін Дамарад, беларускі гісторык.
1923 — Аляксандар Дракахруст, паэт, перакладнік беларускай літаратуры і мэмуарыст, удзельнік Другой усясьветнай вайны.
Аляксандар Дракахруст
1953 — Уладзімер Голуб, віленскі беларускі мастак.
1961 — Сяргей Алейнікаў, беларускі футбаліст.
1966 — Піт Паўлаў, беларускі рок-музыка і сьпявак.
У памяці
1579 — Кашпар Бекеш, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, сябра і паплечнік Стафана Баторыя.
1942 — Алесь Дубровіч, заходнебеларускі паэт і актывіст, расстраляны нацыстамі на Глыбоччыне разам з бацькам і двума братамі.
1943 — менскі падпольшчык Мікалай Кедышка трапіў у засаду нацыстаў і застрэліўся апошнім патронам.
1948 — Хведар Ільляшэвіч, беларускі паэт, журналіст і гісторык, загінуў у аўтакатастрофе.
1975 — Ісак Любан, беларускі савецкі кампазытар.
1980 — Леў Акіншэвіч, беларускі гісторык.
1992 — адзін з ідэолягаў «Праскай вясны», першы сакратар ЦК камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Аляксандар Дубчэк. У жніўні 1968 году Дубчэка затрымалі савецкія вайскоўцы і прымусова даставілі ў Маскву. У 1989 годзе яго абралі старшынём Фэдэральнага сходу Чэхаславаччыны.
Вацлаў Гавэл і Аляксандар Дубчэк, 1990 год
2016 — Леонард Коэн, канадзкі паэт, пісьменьнік і сьпявак.
2020 — Алег Крошкін, беларускі мастак-авангардыст.
2022 — Міхась Тычына, беларускі літаратуразнавец і крытык, аўтар манаграфіяў, эсэ, нарысаў, аповесьцяў і апавяданьняў. Нарадзіўся ў 1943 годзе ў Якуціі ў сям’і рэпрэсаванага і сасланага беларускага селяніна. Дасьледаваў беларускую літаратуру XIX–XX стагодзьдзяў, пісаў манаграфіі, эсэ, аповесьці і апавяданьні, выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі. У 1989 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру.
Міхась Тычына
2024 — Іван Чарота, беларускі літаратуразнавец, славіст, перакладнік, доктар філялягічных навук, прафэсар БДУ, замежны акадэмік Сэрбскай акадэміі навук і мастацтваў.
2025 — Вячаслаў Рагойша, беларускі літаратуразнавец, крытык, пісьменьнік, доктар філялягічных навук, прафэсар БДУ. Адзін з заснавальнікаў катэдры тэорыі літаратуры БДУ, дасьледаваў беларускую літаратуру XIX–XX стагодзьдзяў, асабліва творчасьць Янкі Купалы, у рукапісах якога выявіў дзясятак раней невядомых твораў. Займаўся таксама беларуска-ўкраінскімі літаратурнымі сувязямі і тэорыяй вершаскладаньня. Пахаваны ў Ракаве.