Падзеі 26 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
26 кастрычніка 1959 году нарадзіўся Анатоль Сыс, , адзін з найбольш яркіх беларускіх паэтаў. Быў адным з заснавальнікаў літаратурнай суполкі «Тутэйшыя». Аўтар паэтычных зборнікаў «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002). Памёр 4 траўня 2005 году ў сваёй менскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Гарошкаве.
Як па зорках, па расе
твой апошні шлях праляжа,
памірай, а жыта сей.
Рунь пра сейбіта раскажа.
Таксама ў гэты дзень
1768 — Нясьвіж капітуляваў перад расейскім войскам. Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» уцёк у эміграцыю. Расейцы разбурылі замкавыя ўмацаваньні, а ў наступныя гады вывезьлі каштоўныя гістарычныя і мастацкія зборы, а таксама вялікую бібліятэку.
1947 — завяршылася савецкая карная апэрацыя «Захад» — адна з найбуйнейшых масавых дэпартацыяў насельніцтва Заходняй Украіны. З 21 кастрычніка ў аддаленыя раёны СССР вывезьлі каля 78 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 23 тысячы дзяцей. Многія загінулі яшчэ ў дарозе.
1956 — парлямэнт Аўстрыі прыняў канстытуцыйны закон пра нэўтралітэт краіны. Аўстрыя абавязалася не далучацца да вайсковых саюзаў і не разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі замежныя вайсковыя базы. З 1965 году 26 кастрычніка адзначаецца як Нацыянальнае сьвята Аўстрыі.
1959 — у вёсцы Маладуша Рэчыцкага раёну падчас школьнага суботніка выбухнула нямецкая супрацьтанкавая міна. Загінула амаль уся чацвёртая кляса мясцовай школы — 13 вучняў і іх клясная кіраўніца.
1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся вывесьці свае ракеты з Кубы ў абмен на гарантыі Злучаных Штатаў не нападаць на востраў і спыніць марскую блякаду. Наступнага дня Хрушчоў дадаткова запатрабаваў вываду амэрыканскіх ракет з Турэччыны. На востраве было 158 савецкіх ядзерных боепрыпасаў, у тым ліку шэсьць авіябомбаў.
Прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі падпісвае загад аб марской блякадзе Кубы, 23 кастрычніка 1962 г.
1991 — на Нясьвіскім біяхімічным заводзе адбылася сьмяротная радыяцыйная аварыя. На прадпрыемстве гама-выпраменьваньнем кобальту-60 стэрылізавалі сельскагаспадарчую і мэдычную прадукцыю. Калі заклініў мэханізм падачы прадукцыі, 34-гадовы апэратар зайшоў у радыяцыйную камэру, каб ліквідаваць няспраўнасьць, — і прыкладна за хвіліну атрымаў сьмяротную дозу радыяцыі. Праз 113 дзён ён памёр ад наступстваў прамянёвай хваробы. МАГАТЭ прысьвяціла гэтай аварыі асобную справаздачу.
2006 — экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу Эўрапарлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Аляксандар Мілінкевіч
2009 — каля Нацыянальнага аэрапорту «Менск» разьбіўся прыватны самалёт расейскай авіякампаніі «С-Эйр». Загінулі ўсе пяць чалавек на борце — трое членаў экіпажу і двое пасажыраў, у тым ліку кіраўнік авіякампаніі.
На месцы катастрофы
2020 — Спроба агульнанацыянальнага страйку. На «Гродна-Азоце» пачаўся страйк. У 9 ВНУ краіны пачалі страйкаваць некаторыя студэнты.
У гэты дзень нарадзіліся
1635 — Міхал Казімір Радзівіл, дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, уладальнік Нясьвіжу, віленскі ваявода, падканцлер і гетман польны ВКЛ.
1685 — Дамэніка Скарляці, італьянскі кампазытар, аўтар 555 санат — пераважна для клявэсіна.
1759 — Жорж Жак Дантон, адзін з галоўных дзеячоў Францускай рэвалюцыі 1792 году. Міністар у рэвалюцыйным урадзе. Выступіў за спыненьне масавага тэрору, за што ягоныя ж паплечнікі абвінавацілі яго ў здрадзе і адсеклі галаву.
1810 — Генрых Дмахоўскі, ураджэнец Браслаўшчыны, скульптар, удзельнік паўстаньняў 1830 і 1863 гадоў. Пасьля паразы першага паўстаньня займаўся скульптурай у Францыі і ЗША пад імем Генры Сондэрс. Ягоны мармуровы бюст Тадэвуша Касьцюшкі захоўваецца ў Капітоліі ЗША, а бюст Томаса Джэфэрсана — у мастацкім музэі ў Вашынгтоне. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету — сваёй малой радзімы. Вясною 1863 году ён загінуў у баі з расейскім войскам.
Генрых Дмахоўскі
1890 — Янка Пачопка, пісьменьнік, выдавец рэлігійнага часопісу «Праваслаўны Беларус», аграном.
1916 — Франсуа Мітэран, прэзыдэнт Францыі ў 1981–1995 гадах.
Франсуа Мітэран і Міхаіл Гарбачоў, 1972 год
1947 — Гілары Клінтан, былая першая лэдзі ЗША (1993–2001), сэнатарка (2001–2009), кіраўніца Дзярждэпартамэнту (2009–2013), кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2016 году.
Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі ў Вільні, 2011
1959 — Зоя Белахвосьцік, народная артыстка Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Галоўнае, каб мы не захрасьлі ў тым жніўні». Вялікая размова з народнай артысткай Беларусі Зояй БелахвосьцікУ памяці
1693— Кіпрыян Жахоўскі, ураджэнец Полаччыны, уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, полацкі архібіскуп. У дакумэнтах рымскай калегіі, дзе ён вучыўся, быў названы Ruthenus Albus — «белым русінам» — гэта адно з раньніх сьведчаньняў беларускай ідэнтыфікацыі.
1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік вялікапольскага паўстаньня ў Познані (1918–1919).
1941 — у Менску нацысты павесілі 12 удзельнікаў супраціву, сярод іх — 17-гадовую Марыю Брускіну, 16-гадовага Ўладзімера Шчарбацэвіча і Кірыла Труса. Іх павесілі на браме дражджавога заводу.
Першае публічнае смяротнае пакараньне ў акупаваным Менску, Кірыл Трус (Трусаў), Марыя Брускіна і Уладзімер Шчарбацэвіч, 26 кастрычніка 1941
1944 — Алесь Мілюць, беларускі паэт, загінуў на фронце ва Ўсходняй Прусіі.
1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар. У 1939 годзе выпрабаваў гелікоптэр VS-300, а ў 1940-х наладзіў вытворчасьць R-4 — першага ў сьвеце сэрыйнага гелікоптэра.
Ігар Сікорскі пілятуе свой першы гелікоптэр VS-300, 1939 г.
Ігар Сікорскі на першым сэрыйным гелікоптэры R-4
1999 — Анатоль Іверс, беларускі паэт.
2019 — Алег Моўчан, беларускі кампазытар. Шырокую славу Моўчану прынесла яго песьня «Малітва» паводле тэкстаў Янкі Купалы, упершыню выкананая «Песьнярамі» ў 1994 годзе.
2024 — Алег Елісеенкаў, беларускі кампазытар, аўтар эстрадных песень, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.