Мянчуку пры разьліку за каву далі рэшту памятнай манэтай. Яе вартасьць перавышае намінал больш, чым у 20 разоў

Калекцыя манэт «Гісторыя беларускай чыгункі. Цягнікі», выдадзеная ў чэрвені 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Жыхар Менску Аляксей пры разьліку ў кавярні за капучына атрымаў рэшту манэтай у два рублі з сэрыі «Гісторыя беларускай чыгункі. Цягнікі», выдадзенай сёлета ў чэрвені.

«Спачатку я і не зразумеў, што манэта нейкая асаблівая», — сказаў Аляксей выданьню MYFIN.

Паводле выданьня, летам такую манэту можна было было набыць у касе Нацыянальнага банку за 11 рублёў, то бок у 5,5 разу даражэй за намінал.

На сайце Нацбанку паведамляецца, што цяпер манэт няма ў наяўнасьці. У той жа час яе можна набыць на сайце «Белнумізматыкі» за 45 рублёў 10 капеек, то бок у 22,5 разу даражэй за намінал.

На сайце беларускага інтэрнэт-аўкцыёну Ау.by усю калекцыю гэтай сэрыі прадаюць за 94 беларускія рублі.

Усе памятныя манэты, выдадзеныя Нацыянальным банкам Беларусі, зьяўляюцца законным плацёжным сродкам, але ў краме іх прымаюць, як звычайныя рублі адпаведна наміналу, нягледзячы на тое, што рэгулятар прадае іх даражэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Беларусі выпусьціў незвычайныя прастакутныя манэты. Фота