Reuters: урад зрынутага прэзыдэнта Сырыі Асада таемна перамясьціў брацкую магілу, каб схаваць масавыя забойствы. ФОТА

Здымак з дрону месца масавага пахаваньня ў пустэльні каля гораду Думайр на ўсходзе Сырыі.

З 2019 па 2021 год аўтарытарны ўрад Сырыі праводзіў сакрэтную апэрацыю перамяшчэньня дзясяткаў тысяч целаў з брацкай магілы ў Кутайфе ў патаемнае месца ў пустэльні на ўсход ад Дамаску.

Мэтай таемнага перапахаваньня было схаваць доказы злачынстваў, бо Башар Асад спрабаваў аднавіць свой міжнародны аўтарытэт.

Reuters пагутарыла з 13 чалавекамі, якія непасрэдна сутыкаліся з двухгадовай апэрацыяй перамяшчэньня целаў, азнаёмілася з дакумэнтамі ад службовых асобаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай апэрацыі, і прааналізавала сотні спадарожнікавых здымкаў абодвух пахаваньняў, зробленых за некалькі гадоў.

Апэрацыя працягвалася з 2019 па 2021 год, яе мэтай было схаваць злачынствы ўраду Башара Асада. 14 кастрычніка агенцтва Reuters паведаміла цяперашняму ўраду Сырыі аб выніках свайго расьсьледаваньня.

Агенцтва не раскрывае дакладнае месца знаходжаньня пахаваньня, каб ня даць зламысьнікам магчымасьці пашкодзіць магілу.

Здымак з дрону зь сьлядамі бульдозэраў на глебе, што пакрывае траншэю масавага пахаваньня ў пустэльні на ўсходзе Сырыі

Паводле зьвестак агенцтва Reuters, пахаваньне ў пустэльні Думайр складаецца як мінімум з 34 траншэяў даўжынёй 2 кілямэтры. Гэта адно з самых маштабных пахаваньняў, узьнклых падчас грамадзянскай вайны ў Сырыі.

Словы відавочцаў і памеры новага могільніку сьведчаць, што там могуць быць пахаваныя дзясяткі тысяч людзей.

Сьведка паказаў агенцтву Reuters няскончаную траншэю, выкапаную для закопваньня целаў у месцы масавага пахаваньня ў пустэльні

Урад Асада пачаў хаваць загінулых у Кутайфе прыкладна ў 2012 годзе, на пачатку грамадзянскай вайны. З словаў відавочцаў, у масавай магіле былі целы салдатаў і зьняволеных, якія памерлі ў турмах і вайсковых шпіталях дыктатара.

Сырыйскі праваабаронца выкрыў могільнік у Кутайфе, у 2014 годзе апублікаваўшы ў мясцовых мэдыя фатаграфіі, якія раскрываюць існаваньне магілы і яе месца на ўскраіне Дамаску. Яе лякалізацыя стала вядомай празь некалькі гадоў з судовых паказаньняў і паведамленьняў СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апошнія выбары дыктатара. Чаму чарговая «пераканаўчая перамога» можа стаць прадвесьнікам хуткага канца тыраніі

Паводле відавочцаў, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі, па чатыры ночы штотыдзень зь лютага 2019 па красавік 2021 году з Кутайфы ў пустэльню Думайр езьдзілі ад шасьці да васьмі грузавікоў, напоўненых зямлёй і чалавечымі парэшткамі.

Ад былога прэзыдэнта Асада, які цяпер у Расеі, і некалькіх вайскоўцаў, якіх сьведкі назвалі ключавымі асобамі апэрацыі, агенцтва не змагло атрымаць камэнтары. Пасьля падзеньня дыктатуры ў канцы мінулага году Асад і многія яго памочнікі ўцяклі з краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы паведамілі аб забойствах сырыйскімі ўладамі сотняў мірных жыхароў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сырыі выдалі ордэр на арышт былога прэзыдэнта Башара Асада

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сырыі разбурылі і спалілі магілу Хафеза Асада