Ужо сёньня: Гадавіна першага Чарнобыльскага шляху

Чарнобыльскі шлях у Менску, 1989

Падзеі 30 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня:

30 верасьня 1989 адбыўся першы Чарнобыльскі шлях у Менску. З ініцыятывы БНФ каля 30 тысяч чалавек прайшлі ад гадзіньнікавага заводу праспэктам і правялі мітынг на тагачаснай плошчы Леніна.

Сама трагедыя адбылася 26 красавіка 1986 году, але ўпершыню беларусы зладзілі гучную акцыю не ў чарговую гадавіну трагедыі, а ўвосень. Тыя падзеі сталі паваротнымі ў беларускай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1452 — Ян Гутэнбэрг выдаў першую друкаваную кнігу, якая атрымала назву «Біблія Гутэнбэрга».


Помнік Гутэнбэргу ва ўнівэрсытэце ў Майнцы

1773 — прымусам Расеі, Прусіі і Аўстрыі Сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў Першы падзел дзяржавы. Да Расейскай імпэрыі адышлі Інфлянты, Віцебскае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы, а таксама частка Полацкага і Менскага.

Пасол Наваградзкага павету Тадэвуш Рэйтан намагаецца сарваць сойм і не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай. (Карціна Яна Матэйкі 1866 году).

1939 — Уладыслаў Сікорскі ўзначаліў польскі эміграцыйны ўрад.

1939 — у Вільні арыштавалі Антона Луцкевiча, палітыка і асьветніка, правадыра беларускага руху.

1965 — У выніку путчу лідэр Інданэзіі Сукарна адхілены ад улады, кіраўніком краіны стаў генэрал Сухарта.

1999 — Пачатак другой вайны ў Чачэніі.

2005 — У дацкай газэце Jyllands-Posten апублікавалі карыкатуры на прарока Мухамада, што выклікала рэзкія пратэсты і забурэньні ў мусульманскім сьвеце.

2015 — Пачатак расейскай вайсковай апэрацыі ў Сырыі.

2020 — зьняволены блогер Эдуард Пальчыc.

2021 — у Беларусі пачаліся масавыя затрыманьні за камэнтары пра супрацоўніка КГБ, які загінуў падчас штурму кватэры Андрэя Зельцара, на гэты дзень вядома пра 51 затрыманага.

У гэты дзень нарадзіліся

1728 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, беларускі вучоны-асьветнік, астраном, адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар Віленскай астранамічнай абсэрваторыі.

1882 — Ганс Вільгельм Гейгер, нямецкі фізык, вынаходнік лічыльніка ўзроўню радыяактыўнасьці.

1890 — Антоні Ляшчэвіч, ксёндз-марыянін, мучанік, ахвяра нацысцкай расправы, блаславёны Рымска-Каталіцкага Касьцёлу.

1892 — Зоська Верас (ад нараджэньня Людвіка Сівіцкая, у замужжы Войцік), пісьменьніца, грамадзкая дзяячка, удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі й нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х. Мэмуарыстка. Сама называла гэтую дату нараджэньня, хоць паводле мэтрык — 12 кастрычніка.

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

1896 — Аркадзь Астаповіч, мастак-графік.

1931 — Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, аўтар вершаванага раману «Родныя дзеці», зборнікаў «Лісьце трыпутніку», «На флейце самоты» і іншых. У 1985–1996 гадах Гілевіч быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 11-га і 12-га скліканьняў, ён адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны.

Ніл Гілевіч

У памяці

1934 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, адзін з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі.

Мітрафан Доўнар-Запольскі. З кнігі «Гісторыя Беларусі». Мн., 1994. Мастак Крывянок А.В.

1939 — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), беларускі паэт.

1957 — Баляслаў Брэжга, гісторык, археоляг, археограф, палеограф, філёляг.

1992 — Мікалай Бірыла, беларускі мовазнаўца.

1994 — Мікалай Казак, беларускі мастак у ЗША.

1999 — Дзьмітры Ліхачоў, расейскі філёляг, акадэмік, перакладчык на сучасную расейскую мову «Слова пра паход Ігараў», «Аповесьці мінулых гадоў» і многіх іншых помнікаў старажытнарускай літаратуры, вязень ГУЛАГу.

2005 — Зьміцер Кісель, журналіст, гісторык, дзяяч беларускага руху.

2013 — Мікалай Крукоўскі, філёзаф і культуроляг.

Мікалай Крукоўскі