Паводле яе слоў у інтэрвію польскаму выданьню Rp.pl, Пачобут цяпер важыць 73 кг, ён правёў у шпіталі тыдзень, дзе атрымліваў неабходныя лекі.
«Ён сказаў, што набраў вагу ў шпіталі. Турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго», — распавяла Борыс.
Борыс таксама расказала, што з Пачобутам яны абмяркоўвалі Саюз палякаў, сям’ю, сяброў і знаёмых. Тэму выезду Пачобута з Беларусі ў выпадку вызваленьня яны не ўздымалі, піша Mediazonaby.com.
«Дзейнасьць нашай арганізацыі для Анджэя зьяўляецца вельмі важным пытаньнем. Польская меншасьць у Беларусі не займаецца палітыкай, мы не жадаем ніякай канфрантацыі. Мы ніколі не былі палітычнай арганізацыяй. Ён сказаў, каб сямʼя не турбавалася аб ім. Пасьля сустрэчы я таксама збіраюся наведаць яго бацькоў», — дадала яна.
23 верасьня Эўрапейскі парламэнт абвясьціў кандыдатаў на прэмію Сахарава 2025 году, якую прысуджаюць за заслугі ў абароне правоў чалавека. Сярод намінантаў — беларускі палітвязень, журналіст і сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут.
Яго кандыдатуру вылучылі дзьве ўплывовыя групы Эўрапарламэнту — Эўрапейская народная партыя і Эўрапейскія кансэрватары і рэфарматары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускага палітвязьня Анджэя Пачобута намінавалі на прэмію СахараваАнджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году. У пачатку лютага 2023 году Пачобута асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361 «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» і 130 — «распальваньне варажнечы альбо розьні». Працэс над журналістам, сябрам Саюзу палякаў Беларусі Пачобутам праходзіў у закрытым рэжыме.
Ужо больш за два гады Анджэя Пачобута трымаюць у наваполацкай калёніі № 1. Там яго накіравалі працаваць на адну з самых шкодных для здароўя вытворчасьцяў — на ачыстку ад ізаляцыі медных дратоў. Вядома, што палітвязьня зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ. Па зьвестках праваабаронцаў Анджэя Пачобута каралі ў тым ліку за адмову працаваць на шкоднай для здароўя вытворчасьці.
«Фэльчар адмовілася падпісаць даведку, што ён па стане здароўя можа ўтрымлівацца ва ўмовах ПКТ, бо пры аглядзе быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца і ціск 190/140. Але на наступны дзень прыйшоў больш дасьведчаны мэдык, урач тэрапэўт і, падпісаўшы даведку, адправіў яго ў ПКТ» — распавядала пра пакараньне Пачобута ў калёніі ягоная сваячка ў сацсетках у жніўні 2023 году.
Паводле сваякоў журналіста ў зьняволеньні ён працягвае пакутаваць ад праблем з сэрцам і ціскам.