Дні нараджэньня пісьменьніка Артура Вольскага і палітыка Сямёна Шарэцкага

Артур Вольскі, архіўнае фота

Падзеі 23 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

23 верасьня 1924 году нарадзіўся Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. XXI ст., сын пісьменьніка Віталя Вольскага, бацька музыкі і мастака Лявона Вольскага. Ён уваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны.

Найбольш поўна літаратурныя таленты Артура Вольскага раскрыліся, калі ён паўтара дзесяцігодзьдзя працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача — спачатку загадчыкам літаратурнай часткі, а затым дырэктарам. Якраз тады разам з шматлікімі паэтычнымі і празаічнымі зборнікамі для дзяцей і дарослых была створаная п’еса-казка «Сьцяпан — вялікі пан», што — пакладзеная на музыку Юрыем Семянякам — сталася першай беларускай дзіцячай апэрэтай.

Адным зь ягоных найлепшых паэтычных твораў апошніх гадоў шмат хто лічыць верш «Калі гучыць „Магутны Божа“».

Калі гучыць „Магутны Божа”,
гатоў я ўпасьці на калені.
Бог — толькі Бог! — нам дапаможа
знайсьці шляхі да вызваленьня...
Каб у духоўным землятрусе,
ў Хрысьце знайшоўшы ўратаваньне,
прынесьлі людзі Беларусі
за ўсе правіны пакаяньне.
І слаўна пойдзе ўсё ды спраўна.
І заквітнее Край наш гожа.
І загучыць, як Гімн Дзяржаўны,
сьпеў нашых душ — „Магутны Божа”.

Гэты дзень у гісторыі

1492 — Ян I Ольбрахт (Ягайлавіч) каранаваны на польскага караля.

1648 — бітва пад Піляўцамі. Войска Багдана Хмяльніцкага і Крымскага ханства разграміла войска Рэчы Паспалітай.

1771 — параза войска Вялікага Княства на чале зь вялікім гетманам Міхалам Казімерам Агінскім ад расейскіх войскаў пад кіраваньнем Аляксандра Суворава ў бітве пад Сталовічамі (цяпер — Баранавіцкі раён).

1932 — абвешчана стварэньне Каралеўства Саўдаўская Арабія — Ібн Сауд афіцыйна аб’яднаў Нэджд і Хіджаз у адну дзяржаву.

1943 — нацысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве былі забітыя 200 тысяч габрэяў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.

Вуліца ў гета ў Вільні

1989 — азэрбайджанская мова абвешчаная дзяржаўнай у Азэрбайджане.

1998 — Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю наконт Косава, заклікаўшы ўсе бакі спыніць баявыя дзеяньні. Ад уладаў Сэрбіі ААН таксама запатрабавала спыніць рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва.

2020 — у Менску прайшла раптоўная цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Увечары ў сталіцы і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. 24 верасьня Эўрапейскі зьвяз заявіў, што не прызнае вынікаў выбараў і што новы мандат Лукашэнкі «ня мае дэмакратычнай легітымнасьці».

У гэты дзень нарадзіліся

63 да н. э. — Гай Юліюс Цэзар Актавіян Аўгуст, рымскі імпэратар.

Статуя рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста

1872 — Мiхал Курака, мэталюрг, канструктар доменных печаў, заснавальнік школы доменьнікаў.

1900 — Тадэвуш Даленга-Мастовіч, пісьменьнік і журналіст.

1901 — Яраслаў Сэйфэрт, чэскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1984 год.

1908 — Мікалай Патолічаў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі ў 1950–1956 гг.

1910 — Юльян Сергіевіч, беларускі паэт і настаўнік.

1918 — Аркадзь Маўзон, беларускі драматург.

1936 — Сямён Шарэцкі, беларускі палітык, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня.

Сямён Шарэцкі

У памяці

1714 — Ільля Капіевіч, друкар, асьветнік і пісьменьнік.

1935 — Лявон (Леанард) Заяц, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, сябра Народнага сакратарыяту БНР. Быў рэпрэсаваны бальшавіцкімі ўладамі і памёр у зьняволеньні.

Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч.

1939 — Зыгмунд Фройд, аўстрыйскі лекар-псыхіятар, псыхоляг і нэўроляг, заснавальнік псыхааналізу.

Зыгмунд Фройд

1930 — Анатоль Бонч-Асмалоўскі, грамадзка-палітычны дзяяч, мэмуарыст.

1941 — Цiхан Бумажкоў. У 1939 годзе ён быў прысланы ў Рудобелку кіраваць мясцовым райкамам партыі. Калі пачалася вайна, стварыў тут партызанскі атрад і ў вёсцы Воземля разграміў штаб нямецкай дывізіі. Неўзабаве быў адкліканы на фронт.

1944 — недалёка ад Омску адбылася чыгуначная катастрофа, вагоны Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатру, які вяртаўся з томскай эвакуацыі ў Менск, сышлі з рэек. Сярод загінулых былі акторы

  • Барыс Аляксеенка,
  • Канстанцiн Былiч, заслужаны артыст Беларусі.
  • Ігар Счансновіч,
  • Маргарыта Шашалевіч, акторка БДТ-1, жонка скульптара Заіра Азгура, траюрадная сястра пісьменьніка Андрэя Мрыя і драматурга Васіля Шашалевіча.

Вось як успамінала пра гэтае крушэньне народная артыстка Стэфанія Станюта:

«Мы едзем, ноч, а я не засынаю. Канстанцін Быліч намерыўся быў зьмяняцца са мною месцамі, але чамусьці не прыйшоў. Томск ужо застаўся далёка ззаду, праехалі і Омск. Гляджу ў акно зь верхняй паліцы і думаю — гэта запомнілася на ўсё жыцьцё: як цёмна, страшна, як даверліва сядзяць людзі ў цягніку, і ўсё залежыць ад машыніста, і якім жа ён павінен быць уважлівым, асьцярожным... І раптам быццам па бясконцых сутыках рэек вагон пайшоў, а гэта ён — ужо па шпалах; і тут затрашчала ўсё, загрукатала, моцна нахілілася і перакулілася. Я чую жудасны крык жонкі Глебава:

«Глена!» А Глена, дачка іхняя, вылецела ў разьбітае акно, у той бок, куды лёг вагон... У мяне пад нагамі — асколкі разьбітага шкла, мокрая трава...

Дзевяць трупаў мы пакінулі там, каля Омска. Апроч дачкі Глебавых загінулі яшчэ Маргарыта Шашалевіч, Ігар Счансновіч, Быліч, які так і не зьмяняўся са мной месцамі і таксама вылецеў у акно, пад сьцяну вагона, што паваліўся... Яшчэ Барыс Аляксеенка, малады, прыгожы: ён і Быліч у нашай трупе былі па амплюа галоўнымі героямі». (Аляксандр Станюта. «Стэфанія», Менск, 1994 год).

1973 — Паблё Нэруда, чылійскі паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1971 год.

Паблё Нэруда

2019 — Алесь Масарэнка, пісьменьнік, апякун літаратурнай моладзі.