Лукашэнка заявіў, што гатовы да добрых дачыненьняў з Польшчай, і расказаў пра «цяжкі» польскі сьлед у Беларусі

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што заўсёды гатовы выбудоўваць добрыя дачыненьні з Польшчай і дзеля гэтага ініцыяваў перанос вучэньняў «Захад-2025» далей ад беларуска-польскай мяжы.

«Я заўсёды імкнуўся зрабіць усё для таго, каб у нас былі добрыя дачыненьні. Я заўсёды да гэтага імкнуўся. Што зь мяне возьмеш. Я заўсёды гатовы да гэтага», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА 17 верасьня адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне, калі могуць палепшыцца дачыненьні з Польшчай і краінамі Балтыі, якое яму задалі на сустрэчы з ідэалягічным актывам.

Ён дадаў, што менавіта праз занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад-2025» ініцыяваў перанос іх правядзеньня ўглыб Беларусі.

«Гэта было маё асабістае рашэньне — адысьці ад мяжы. Не правакаваць іх», — паведаміў ён.

Лукашэнка выказаў думку, што Польшча шукала нагоду для закрыцьця мяжы.

«Яны даўно шукаюць, на чым тут справакаваць. Але не выходзіць. Мы бязьвіз (уводзім): „Калі ласка, прыяжджайце!“. А яны выбудоўваюць сьцяну на мяжы. І яшчэ закрываюць мяжу. Ім нешта трэба. Мая галоўная задача — не дапусьціць, ня даць ім ня тое што нагоду — яны яе знойдуць заўсёды. А прычыны быць не павінна», — адзначыў ён.

У той жа час ён заявіў, што «трэба расказваць і перарваць гады маўчаньня пра тое, якія цяжкі сьлед пакінула польская ўлада на беларускіх землях, адарваных ад савецкай рэспублікі».

«Што б ні адбывалася сёньня, мы ня лічым памылкай тое, што шмат гадоў імкнуліся жыць з суседзямі ў міры, ня кідаць у аблічча непрыемныя для іх гістарычныя факты. Ну што тут шкадаваць пра гэта? Пакуль мы думалі пра сяброўства, там з нас рабілі недачалавекаў і адкрытых ворагаў. І ў культуры, і ў навуцы, і ў сродках масавай інфармацыі. У выніку выпрацавалі тую палітыку, якую сёньня маем», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці праўда, што заходнюю мяжу сучаснай Беларусі вызначылі ў 1939 годзе?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кітай з Польшчай ня здолелі дамовіцца, каб адкрыць польскую мяжу зь Беларусьсю, — эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі