Валянтэрка «Вясны» Марфа Рабкова ўжо 5 гадоў за кратамі. Што пра яе вядома?

Марфа Рабкова ў судзе, 2022 год

17 верасьня споўнілася 5 гадоў, як у Менску затрымалі актывістку праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфу Рабкову.

Марфа Рабкова адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4, за яе вызваленьне вясноўцы працягваюць змагацца, як і за вызваленьне яе калег па «Вясьне» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.

Апошнія зьвесткі пра Марфу Рабкову Свабодзе перадала крыніца, якая нядаўна вызвалілася з ПК-4 і прасіла яе не называць.

«Марфа працягвае працаваць, яе бачаць на тэрыторыі, выглядае нармальна. Але гэта вонкавае ўражаньне, бо непасрэднага кантакту зь ёю ў мяне не было», — паведаміла крыніца.

Праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка расказала, што «Вясна» робіць дзеля вызваленьня Рабковай:

«На жаль, апошнімі гадамі мы атрымліваем мінімум інфармацыі. Сытуацыя ў яе вельмі падобная да таго, што адбываецца зь іншымі палітвязьнямі: праблемы са здароўем, абмежаваньні ў перапісцы, ізаляцыя, цяжкія ўмовы ўтрыманьня і працы ў калёніі. Дакладна пра настрой і стан сказаць складана, але мы спадзяемся, што яна трымаецца», — паведаміла Марына Кастылянчанка.

Яна дадала, што вясноўцы працуюць на розных узроўнях і пастаянна падымаюць пытаньне безумоўнага і неадкладнага вызваленьня Марфы Рабковай.

Сёлета, напрыклад, Amnesty International Polska накіравала пэтыцыю да міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага з заклікам з свайго боку паўплываць на ўлады Беларусі ў гэтым пытаньні. Актыўна далучаюцца студэнцкія супольнасьці ў розных краінах у межах сеткі Scholars at Risk, якія сочаць за сытуацыяй Марфы і арганізуюць розныя захады ў яе падтрымку, расказала Марына.

Праваабаронца «Вясны» нагадала, што партрэт Марфы Рабковай стаў часткай арт-інсталяцыі «Нязломныя», якая выстаўлялася ў васьмі эўрапейскіх гарадах.

Акцыя Free Marfa ў Вільні

17 верасьня ўдзельнікі акцыі сталі на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў літоўскай сталіцы з фатаграфіямі Рабковай, якія склаліся ў заклік «Free Marfa» («Свабоду Марфе»).

Акцыя ў падтрымку Марфы Рабковай у Вільні, 17 верасьня 2025

Сябра часовай рады праваабарончага цэнтра «Вясна» юрыст Павел Сапелка ў размове з «Позіркам» адзначыў, што з Рабковай, «на жаль, тая ж самая сытуацыя, што і з амаль усімі беларускімі палітзьняволенымі».

«Нават тое, што мы ведаем пра Марфу, ня можам гаварыць, у тым ліку таму, што яе стан можа пагоршыцца, гэта можа паўплываць на яе сытуацыю ў калёніі. Цяпер яна ў калёніі № 4 у Гомлі», — зазначыў ён.

На пытаньне, ці ёсьць надзея, што чарговыя хвалі вызваленьня палітвязьняў закрануць у тым ліку прадстаўнікоў «Вясны» і Рабкову ў прыватнасьці, Сапелка адказаў: «Гэта амаль адзіная магчымасьць для Марфы выйсьці на волю раней за той драконаўскі тэрмін, які быў ёй прызначаны судом».

«Мы вельмі спадзяемся, што яна ўвойдзе ў тую колькасьць людзей, якіх вызваляць па так званай зьдзелцы [Аляксандра Лукашэнкі] з [прэзыдэнтам ЗША Дональдам] Трампам», — заявіў ён.

  • Марфа Рабкова асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 1 арт. 293 («арганізацыя масавых беспарадкаў») і ч. 1 арт. 285 («кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй»).
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Марфу Рабкову палітзьняволенай.
  • Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях назвала арышт і прысуд Марфы палітычна матываванымі і заклікала да тэрміновага яе вызваленьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нараджэньне ў музэі Багдановіча, 4 гады легальнай працы з 29. Як паўставала «Вясна»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Празе адкрылі інсталяцыю «Нязломныя», прысьвечаную палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны»