Хроніка перасьледу 4 верасьня: У Гомлі завялі справу на мастачку за «экстрэмізм» і «абразу» Лукашэнкі
Гомельскі абласны суд, архіўнае фота
Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.
У Гомлі будуць завочна судзіць мастачку
Справу ў Гомельскім абласным судзе супраць Віялеты Майшук пачнуць разглядаць 16 верасьня, піша «Вясна».
28-гадовай мастачцы інкрымінавалі ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).
Віялета Майшук — мастачка з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны перасьлед мусіла пакінуць Беларусь.
У сьнежні 2024-га году МУС паведамляла, што Віялета нібыта мае дачыненьне да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Гомель — Старый Аэродром — Чат».