Ужо тыдзень нічога невядома пра лёс Анатоля Котава, былога дыплямата і чыноўніка. Паведамляецца, што ён зьнік у Турэччыне, пасьля прылёту з Варшавы. Анатоль Котаў працаваў у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, зьехаў зь Беларусі ў 2020 годзе.
Турэцкае інфармацыйнае агенцтва IHA паведаміла сёньня, што Котаў прыбыў у аэрапорт Стамбула з Варшавы ў 13.49 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон і пакінуў краіну праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам у 18.35. Праз тры гадзіны сувязь зь ім зьнікла.
Апошнім часам Котаў выступаў у якасьці палітоляга, працаваў у Беларускім фондзе спартовай салідарнасьці. Сёньня госьць «ПіКа Свабода» выканаўчы дырэктар гэтага фонду Аляксандар Апейкін. Некаторыя тэзісы гутаркі:
- Дэпартацыя - гэта афіцыйная працэдура. Для гэтага патрэбныя пэўныя паперы, трэба прадастаўляць адваката, і такі працэс можа выклікаць увагу грамадзкасьці і яна магла б гэта спыніць. Наколькі мне вядома, пакуль ня было выпадкаў дэпартацыі беларусаў з Турцыі. Таму мы разглядаем вэрсію зь неафіцыйнай экстрадыцыяй. Яго маглі затрымаць і прымусова вывезьці з тэрыторыі Турцыі. Магчыма ён быў у стане непрытомнасьці, можа ён страціў кантроль над сваім станам.
- Калі б гэта была добраахвотная ацыя Анатоля, то няма сэнсу ехаць у Трабзон і выяжджаць марскім шляхам. Ёсьць прамыя рэйсы да Менска і Масквы. Найбліжэйшыя маршруты з Трабзона - Батумі і Сочы.
- Нічога ў яго паводзінах або камунікацыі не сьведчыла пра нестандарнтыя варыянты разьвіцьця падзей. Былі стабільныя паводзіны і рыторыка.
- Апошнім часам ён мала займаўся палітычнымі пытаньнямі, займаўся бізнэсам. Ён часта лятаў, на Кіпр, Мальту, у Гішпанію і нават Турцыю. Таму ніхто не зьвярнуў увагу на гэтую паездку.
- Ніякіх грошай разам з Анатолем ня зьнікла. Гэта хлусьня.
- Калі дапусьціць, што гэта выкраданьне і што ён зараз у Беларусі, то паказваць яго па тэлевізіі няма патрэбы. Ідуць нейкія перамовы паміж Беларусьсю і ЗША, таму такую справу ня варта паказваць. Але гэта не азначае, што ён ня ў Беларусі.