ЭГУ пракамэнтаваў прызнаньне свайго сайту і сацыяльных сетак «экстрэмісцкімі» ў Беларусі

Брама будынку ЭГУ ў Вільні. Архіўнае фота

Адукацыйная ўстанова паведаміла, што яе сайт будзе працягваць працу з «прыняцьцем неабходных захадаў абароны асабовых зьвестак карыстальнікаў».

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт напісаў пасьля прызнаньня экстрэмісцкімі ягонага сайту і сацыяльных сетак уладамі Беларусі:

«Зьвяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЭГУ. Навучаньне ва ўнівэрсытэце, навукова-акадэмічная і ўсякая іншая дзейнасьць, зьвязаная з ЭГУ, ня можа зьяўляцца прадметам правапарушэньня»,— заявілі ў ВНУ.

Апрача таго, ЭГУ папрасіў усіх, хто жыве ў Беларусі або наведвае Беларусь, прыняць захады бясьпекі, а менавіта:

  • чысьціць гісторыю інтэрнэт-аглядальніку пасьля кожнага наведваньня сайту ЭГУ (кожнай яго вэрсіі — беларускай, расейскай, ангельскай або літоўскай);
  • не рабіць перадрукі з сайту ЭГУ ў сваіх публічных сацыяльных сетках;
  • наколькі мага апавясьціць знаёмых, якія могуць наведваць сайт ЭГУ, аб сытуацыі і неабходных захадах бясьпекі;
  • скасаваць падпіску на вышэйзгаданыя акаўнты ў Instagram, Facebook, Youtube.

Сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Цэнтральнага раёну Менску 20 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Новы рэктар ЭГУ пра беларускую місію, стыпэндыі і высновы са скандалу з харасмэнтам