У Беларусі працягваюцца затрыманьні па крымінальнай справе за перадачу інфармацыі праекту па маніторынгу вайсковай актыўнасьці «Беларускі Гаюн» (закрыты на пачатку году), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Адзначаецца, што пад варту ўзятыя ня менш за 38 чалавек; прайшло ня менш за шэсьць судовых працэсаў.
Праваабаронцы падкрэсьлілі, што насамрэч затрыманых значна больш, і заклікалі паведамляць пра такія выпадкі.
Паводле інфармацыі «Вясны», большасьць фігурантаў гэтай справы — мужчыны. Справы распачатыя паводле арт. 3614 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Праект «Беларускі Гаюн» быў заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасьці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 году, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».
«Мы ня ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у староньняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — заяўляў тады заснавальнік праекту блогер Антон Матолька.
Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым зь іх удалося эміграваць.
Пра масавыя затрыманьні па справе «Беларускага Гаюна» паведамлялася 2 траўня.
У чэрвені Горадзенскі абласны суд завочна асудзіў Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасьці».
20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 году ў берасьцейкім сьледчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе «Беларускага Гаюна».
Паводле стану на 28 ліпеня было вядома пра 33 затрыманых па справе «Беларускага Гаюна».