Польшча ўвяла санкцыі супраць казахстанскай кампаніі, якая належыць «Пінскдрэву»

Беларускае прадпрыемства «Пінскдрэў». Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы на запыт Нацыянальнай падатковай адміністрацыі ўключыла ў санкцыйны сьпіс казахстанскую кампанію Qartree LLP.

Як паведаміла выданьне MOST, падатковае ведамства даказала, што фанэра, якую прадпрыемства пастаўляла ў Польшчу, насамрэч паходзіць з Расеі ці Беларусі і такім чынам абмінае эўрапейскія санкцыі.

Згодна з інфармацыяй выданьня, Qartree LLP зарэгістраваная ў Казахстане ў 2022 годзе, неўзабаве пасьля ўводу санкцыяў супраць дрэваапрацоўчай галіны Беларусі і Расеі за разьвязаньне агрэсіі супраць Украіны.

Заснавальнікамі кампаніі сталі Наталія Слоква і расейскі гандлёвы дом «Мебель KZ», які, у сваю чаргу, належыць беларускаму прадпрыемству «Пінскдрэў».

У першы ж год існаваньня Qartree, у якой працавала ўсяго пяць чалавек, заплаціла ў Казахстане больш за 2 мільёны даляраў падатку на даданую вартасьць. Яна экспартавала прадукцыю ў Літву, Латвію, Эстонію, Вугоршчыну і Баўгарыю. Кампанія пастаўляла фанэру зь бярозы (код ТН ЗЭД 44123310), а Польшчу называюць яе асноўнай атрымальніцай.

Уключэньне ў польскі санкцыйны сьпіс прадугледжвае замарожваньне рэсурсаў юрыдычнай ці фізычнай асобы і забарону на пералічэньне ёй сродкаў, удзел у дзяржаўных закупах, а для фізычных асобаў — яшчэ і ўключэньне ў рэестар іншаземцаў, знаходжаньне якіх у Польшчы непажаданае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага