У Расеі згарэў чарговы аўтобус МАЗ

Аўтобус МАЗ, архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Іркуцку 5 ліпеня загарэўся маршрутны аўтобус, паведамляе мясцовае аддзяленьне Міністэрства надзвычайных сытуацыяў РФ.

Як вынікае з апублікаваных фота, ідзецца пра аўтобус Менскага аўтамабільнага заводу, які практычна цалкам згарэў.

Аўтобус загарэўся на прыпынку, гаворыцца ў паведамленьні. Полымя на 20 квадратных мэтрах ліквідавалі шасьцёра супрацоўнікаў МНС з выкарыстаньнем дзьвюх адзінак тэхнікі. Пацярпелых няма.

Адміністрацыя Іркуцку паведаміла, што пажар узьнік у маторным адсеку, аўтобус ішоў маршрутам № 14, эксплюатаваўся з 2013 году, тэхнічны агляд прайшоў 19 чэрвеня 2025 году.

Беларускія аўтобусы рэгулярна загараюцца ў РФ і Беларусі, а прычынай гэтага называюцца санкцыі, уведзеныя супраць МАЗу дэмакратычнымі краінамі, якія пазбавілі прадпрыемства некаторых якасных дэталяў.

Апошні падобны выпадак, пра які пісалі мэдыя, зафіксаваны 14 траўня ў Варонескай вобласьці Расеі. Да гэтага аўтобусы гарэлі 5 красавіка ў Санкт-Пецярбургу, 23 сакавіка — у Кіраве, 13 студзеня — у Ліпецку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску загарэўся чарговы аўтобус МАЗ

Праблему зь беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Аляксандар Лукашэнка, які заявіў 19 верасьня 2023 году на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю РФ Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгараньня пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў браку «якаснага і своечасовага абслугоўваньня». Ён прапанаваў наладзіць тэхнічнае абслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэсавай канфэрэнцыі 25 кастрычніка 2024 году намесьнік галоўнага канструктара ў грузавой тэхніцы Менскага аўтамабільнага заводу Мікалай Лакотка заявіў, што прычынаю частага ўзгараньня тэхнікі прадпрыемства ў РФ ёсьць парушэньне ўмоваў і правілаў яе эксплюатацыі.

Паводле яго, тэхніка «стала вельмі цяжкая, энэрганасычаная, таму ўмоваў і правілаў эксплюатацыі ніхто не скасоўваў».

12 студзеня 2025 году расейскае інтэрнэт-СМІ «Фонтанка» апублікавала інтэрвію з кіраўніком камітэту транспарту мэрыі Санкт-Пецярбургу Валянцінам Янакаевым, у якім чыноўнік адзначыў, што «пасьля першых інцыдэнтаў з узгараньнямі» МАЗу віцэ-губэрнатар Санкт-Пецярбургу Кірыл Палякоў даў даручэньне разабрацца ў сытуацыі. Чыноўнік сьцьвярджаў, што беларускае прадпрыемства разьвязала праблему.

У траўні 2025 году на расейскім рынку прадалі 43 новыя аўтобусы МАЗу — у 5,4 раза больш, чым год таму (8), сьведчыць агенцтва «АСМ-холдынг» (РФ). Пры гэтым за студзень — травень 2025 году на рынку РФ прададзеныя 117 аўтобусаў МАЗ (летась было 280; спад у 2,4 раза).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі згарэў чарговы аўтобус МАЗ