Вялікая Брытанія ўводзіць паэтапнае падвышэньне мыта на азотныя ўгнаеньні зь Беларусі

Агульны выгляд калійных шахтаў "Беларуськалія" каля Салігорска, архіўнае фота.

Вялікая Брытанія ўводзіць паэтапнае падвышэнне мыта на азотныя ўгнаеньні, у тым ліку карбамід (мачавіну), якія паходзяць зь Беларусі і Расеі. Гэта вынікае з інструкцыі па імпарце з гэтых краін, падрыхтаванай брытанскім Міністэрствам бізнэсу і гандлю.

«Гэта мэтанакіраваная мера для таго, каб пазбавіць Расею і Беларусь рэжыму найбольшага спрыяньня ў адносінах да экспарту гэтых тавараў у Вялікую Брытанію; пры гэтым улічваюцца інтарэсы брытанскіх імпартэраў, якія імкнуцца дывэрсыфікаваць свае ланцужкі паставак і зьнізіць залежнасьць ад прадукцыі расейскага паходжаньня», — адзначылі ў прэс-службе.

Згодна з вэрсіяй 1.6 Палажэньня аб дадатковых мытах, на таварную пазыцыю «Мінеральныя або хімічныя ўгнаеньні, азотныя» (код 3102) з 18 ліпеня 2025 году па 30 чэрвеня 2026 году будзе дзейнічаць «стаўка дадатковага мыта» — 10%, з 1 ліпеня 2026-га па 30 чэрвеня 2027-га — 20%, з 1 ліпеня 2027-га — 35%.

У сакавіку 2022 году ў Вялікай Брытаніі было ўведзенае 35-працэнтная мыта на імпарт зь Беларусі і РФ угнаеньняў жывёльнага або расьліннага паходжаньня (код 3101), фасфатных (3103), калійных (3104), зьмешаных (3105) угнаеньняў.

У ліпені таго ж году дзяржава ўвяла забарону на імпарт угнаеньняў — за выключэннем мачавіны.

Сёлета 1 ліпеня у Эўразьвязе пачнуць дзейнічаць новыя мыты на сельскагаспадарчую прадукцыю і некаторыя ўгнаеньні зь Беларусі і РФ.