За палову чэрвеня краіны Эўразьвязу спынілі больш спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, чым за першы квартал

Напружаньне на беларуска-польскай мяжы, лістапад 2021 году

За 17 дзён чэрвеня Літва спыніла 67 такіх спробаў, Латвія — 998 (пасьля складаньня штодзённых даных; агульная колькасьць, якую прыводзіць памежнае ведамства, на некалькі дзясяткаў большая), Польшча — 3095 (з улікам прыблізных даных за мінулыя суткі). Агулам — 4160 спробаў.

У чэрвені рэзка пабольшала спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы, чым за пэрыяд студзень — сакавік. Пра гэта сьведчыць праведзены навіновым агенцтвам «Позіркам» аналіз даных памежных службаў суседніх дзяржаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз.

За першы квартал гэтыя краіны прадухілілі 4068 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі (студзень — 431, люты — 686, сакавік — 2951).

Колькасьць спробаў, якія спыніла ад пачатку чэрвеня Літва, большы чым у студзені (16; у 4,2 раза), але меншы, чым у лютым і сакавіку (83, -19,3%; 104, -35,6%).

Колькасьць спробаў, прадухіленых за гэты час Латвіяй, у 3,1 раза большая, чым за першыя тры месяцы году агулам (студзень — 132, люты — 75, сакавік — 118; агулам — 325).

Паказьнікі Польшчы за чэрвеньскія дні істотна большыя, чым за ўвесь студзень (283; у 10,9 раза), люты (528; у 5,9 раза), прыкметна вышэйшыя за сакавіцкія (2729; +13,4%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сэк’юрытызацыя» замест «мяккай сілы». Адносіны Беларусі і Польшчы вачыма экспэртаў

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго „гібрыднай атакай“, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. Тыя ж сваю датычнасьць адмаўляюць, абвінавачваючы Эўразьвяз у негуманным абыходжаньні зь мігрантамі.

У той жа час улады суседніх дзяржаваў неаднаразова фіксавалі на фота і відэа, як беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам ламаць агароджу на мяжы.