Ці чакае сьвет неўзабаве новая маштабная вайна? На чым рабілі акцэнт міністар замежных справаў Рыжанкоў у Расеі і дэмакратычная лідэрка Ціханоўская ў Брусэлі? Ці дапаможа новы ўказ Лукашэнкі захаваць бульбу ў беларускіх крамах?
У эфіры Youtube-каналу Свабода Premium падзеі тыдня камэнтуюць гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман, эканамістка Анастасія Лузгіна і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Фрагмэнты з эфіру
Аляксандар Фрыдман:
- Я б заклікаў усіх не адкідаць алярмісцкія вэрсіі, зьвязаныя з вайной, як нешта фантастычнае. Мы жывем — і на ўсходзе і на захадзе — у такія часы, што гэтыя тэорыі трэба ўспрымаць сур’ёзна. Сёньняшні дзень — найлепшы прыклад. Сёньня, хутчэй за ўсё, пачалася вайна паміж Ізраілем і Іранам, пра якую ў экспэртнай супольнасьці гавораць ужо цягам дзесяцігодзьдзяў. Але сёньня я размаўляю з сваімі калегамі, і шмат хто зь іх у абсалютна разгубленым стане. Мы ўсё гэта абмяркоўвалі тэарэтычна, і вось гэтая тэорыя раптам у адзін момант стала рэальнасьцю.
Франак Вячорка:
- У Брусэлі была пятая сустрэча, 20 чалавек з беларускага боку, 20 чалавек з эўрапейскага. Асноўныя тэмы — гэта бясьпека, як рэагаваць на падзеі ва Ўкраіне і мірныя перамовы. Другое — гэта падтрымка і легалізацыя беларусаў за мяжой, пытаньне візаў, як павялічыць колькасьць і якасьць гэтых візаў, а таксама пашпарты замежніка... Нам важна, што наконт візаў мы дасягнулі пэўнага паразуменьня — каб выдаваць больш шматразовых візаў беларусам. Павялічыць колькасьць складана, але каб візы выдавалі на два і пяць гадоў, а таксама пашпарты замежніка. Тое, што ёсьць у Польшчы і Літве, але няма ў іншых краінах — каб гэтыя практыкі распаўсюдзіць на ўсю тэрыторыю Эўразьвязу.
Анастасія Лузгіна:
- Чаму ўвогуле ўзьнік дэфіцыт бульбы ў крамах? Адной з асноўных прычын было жорсткае рэгуляваньне цэнаў, умяшаньне дзяржавы ў рынкавыя мэханізмы. Хацелі стрымаць цэны, дзяржава ўмяшалася, дзірачку нібыта закрылі. Але жорсткае рэгуляваньне цэнаў прыводзіць або да пагаршэньня якасьці тавараў, або да іх недахопу на рынку. І даводзіцца закрываць чарговую дзірачку, каб гэтых тавараў было дастаткова. А такі ланцужок можа прывесьці да новых нечаканых наступстваў.