Хроніка перасьледу 4 чэрвеня: яшчэ аднаго журналіста будуць судзіць за супрацу з БАЖ
Берасьцейскі абласны суд, архіўнае фота
Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.
Журналіста зь Берасьця будуць судзіць за супрацоўніцтва з БАЖ
Пракуратура Берасьцейскай вобласьці паведаміла, што накіравала ў суд крымінальную справу, распачатую супраць жыхара Брэста паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Паводле службы інфармацыі пракуратуры, абвінавачаны не пазьней за кастрычнік 2023 году ўвайшоў у склад Беларускай асацыяцыі журналістаў, прызнанай «экстрэмісцкім фармаваньнем» рашэньнем КДБ ад 28 лютага 2023 году.
Ведамства не называе імя і прозьвішча абвінавачанага, але сьцьвярджае, што ў якасьці ўдзельніка «экстрэмісцкага фармаваньня» ён нібыта напісаў ня менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце. У афіцыйным паведамленьні падкрэсьлена, што журналіста трымаюць пад вартай.
У 2023 годзе за супрацу з БАЖ асудзілі Ігара Карнея, паводле ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») яго пакаралі трыма гадамі зьняволеньня.
Пасьля пратэстаў 2020 году сілавыя структуры масава прызнаюць людзей і арганізацыі «экстрэмістамі» за неляяльнасьць да ўладаў.
«Экстрэмізм» стаў самым распаўсюджаным абвінавачаньнем, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян.