Ужо сёньня: беларускаму рублю — 33 гады

Беларускія грошы, уведзеныя ў траўні 1992 году

Падзеі 25 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Таксама ў гэты дзень

1863 — параза паўстанцаў на чале з Рамуальдам Траўгутам пад Горкамі (Кобрынскі павет).

1907 — у Вільні адбыўся зьезд настаўнікаў, на якім стварылі Беларускі настаўніцкі саюз.

1938 — НКВД БССР асудзіў на расстрэл Палуту Бадунову, палітыка, чальца ўраду БНР.

1938 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар опэры і балету.

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету. Здымак з дрона

1944 — у Менску ствараецца музэй Янкі Купалы.

1991 — У Менску пачаўся I Міжнародны кангрэс беларусістаў. Адбылася прэзэнтацыя першага нумару адноўленай «Нашай Нівы».

1992 — у Беларусі ўвялі ў грашовы абарот разьліковыя квіткі Нацыянальнага банку РБ («зайчыкі»), якія атрымалі назву «беларускі рубель». Падчас распаду агульнасавецкай грашовай сыстэмы спачатку ў краіне ўвялі купонную сыстэму, а потым — разьліковыя квіткі Нацбанку. Беларускія грошы перажылі шэраг дэнамінацый. Сучасныя беларускія рублі ўвялі ў 2016 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 даляраў ЗША за адзін беларускі «зайчык». Беларускаму рублю спаўняецца 30 гадоў

1996 — міліцыя разагнала людзей каля помніка Максіму Багдановічу ў дзень яго памяці. Усяго сабралася каля паўтысячы чалавек, пяцёра былі арыштаваныя.

У гэты дзень нарадзіліся

1880 — Вацлаў Іваноўскі, палітычны і грамадзкі дзяяч, доктар тэхнічных навук.

1905 — Сяргей Хмара, беларускі пісьменьнік, журналіст, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Канадзе.

1911 — Фёдар Сурганаў, старшыня прэзыдыюму ВС БССР.

1930 — Мікалай Дземянцей, старшыня ВС БССР. Пад ягоным старшынствам ВС прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

1937 — Мікола Купрэеў, беларускі паэт.

1938 — Уладзімер Карызна, паэт, аўтар рэдакцыі гімну.

1949 — Леанід Барткевіч, беларускі сьпявак і музыка, саліст ансамблю «Песьняры».

Леанід Барткевіч

1978 — Павал Мажэйка, журналіст, культурны мэнэджар, палітвязень.

Павал Мажэйка

У памяці

1917 — Максім Багдановіч, беларускі паэт. Пахаваны на старых гарадзкіх могілках у Ялце.

Максім Багдановіч

У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Максім Багдановіч, Ялта, 1917

1926 — Сымон Пятлюра, украінскі дзяржаўны і палітычны дзяяч, публіцыст, стваральнік украінскіх узброеных сілаў.

Сымон Пятлюра

1937 — Станіслаў Гайдукевіч, архітэктар, ахвяра сталінізму, скончыў жыцьцё самагубствам у турме НКВД.

1942 — Іван Замоцін, літаратуразнавец, памёр у турэмным шпіталі ў Горкім (Ніжні Ноўгарад).

1964 — Васіль Залатароў, кампазытар, народны артыст Беларусі.

1968 — Францішак Кушаль, вайсковы і палітычны дзяяч.

1970 — Мікола Абрамчык, беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, старшыня Рады БНР (1947–1970).

Мікола Абрамчык і Натальля Арсеньнева

1987 — Яўген Калубовіч (на эміграцыі Каханоўскі), гісторык, грамадзка-палітычны дзяяч, літаратуразнавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

Яўген Калубовіч

2007 — Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі.