Ужо сёньня: 120 гадоў з дня нараджэньня акторкі Стэфаніі Станюты

Стэфанія Станюта

Падзеі 13 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1832 — расейскі імпэратар Мікалай I сваім рэскрыптам закрыў Віленскі ўнівэрсытэт. Амаль на стагодзьдзе край застаецца без сваёй вышэйшай школы.

1981 — адбыўся замах на папу Рымскага Яна Паўла II, учынены турэцкім тэрарыстам Мэхмэтам Алі Агджа. Папа акрыяў, але ад таго часу ўва ўсіх сваіх паездках Ян Павал і яго наступнікі сталі карыстацца панцырным «папамабілем» адмысловай канструкцыі.

2005 — ва ўзбэцкім Андыжане пры ўзброенай маніфэстацыі былі забітыя ад некалькіх сотняў да тысячы мітынгоўцаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1624 — Аляксандар Сапега, віленскі біскуп.

1680 — Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1840 — Тытус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Пасьля арышту расейскія ўлады расстралялі яго на Лукіскім пляцы ў Вільні. Яму было 23 гады.

1876 — Станіслаў Гайдукевіч, менскі архітэктар, ахвяра сталінізму.

1879 — Янка Серада, палітык, першы старшыня Рады БНР, ахвяра сталінізму.

1894 — Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Вайсковец і дыплямат у часы БНР, у апошнюю вайну старшыня Беларускай народнай самапомачы, дзяяч эміграцыі ў ЗША.

1895 — Уладзіслаў Паўлюкоўскі, беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак. Вязень ГУЛАГу.

1905 — Стэфанія Станюта, акторка, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988), ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Прасіла, каб не жартаваў на палітычныя тэмы». Стэфанію Станюту ўспамінае яе ўнук Дзьмітры

1933 — Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак.

Будынкі з мазаічнымі пано ў менскім раёне Ўсход. Аўтар — народны мастак Беларусі Аляксандар Кішчанка

1941 — Анатоль Сербантовіч, беларускі паэт. Аўтар зборнікаў паэзіі «Азбука», «Міннае поле», «Пярсьцёнак», «Жаваранак у зэніце». Акрамя вершаў, пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі.

Анатоль Сербантовіч. «Метеориты — словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Рыгора Остэра. Аўтограф перакладчыка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).

1986 — Аляксандар Рыбак, нарвэскі музыка беларускага паходжаньня, пераможца конкурсу «Эўравізія-2009».


У памяці

1802 — Ян Гедройць, рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1878 — Эдвард Ян Ромэр, грамадзкі дзяяч і мастак.

1916 — Шолам Алейхем, габрэйскі пісьменьнік, драматург і асьветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шолам Рабіновіч.

1930 — Фрыт’ёф Нансэн, нарвэскі палярны дасьледнік. У 1888 годзе экспэдыцыя пад ягоным кіраўніцтвам першай перасекла ледавіковае плято Грэнляндыі на лыжах. У 1922 годзе Нансэн атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за дапамогу ваеннапалонным, уцекачам і ахвярам голаду.

1945 — Сяргей Крывец, паэт, прызваны ў Чырвоную армію (пры канцы сакавіка падчас вызваленьня Гдыні атрымаў цяжкае раненьне).

Мы забылі, што можна любіць.
Эх, ты, моладасьць наша суровая!
Але сёньня ўжо так і быць
Пацалую цябе, чарнабровая.

1990 — у Вільні згарэла „Лясная хатка“ Зоські Верас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто спаліў «Лясную хатку»? Да 130-х угодкаў Зоські Верас