У Сырыі пачаў працу цэнтар ідэнтыфікацыі парэшткаў ахвяраў рэжыму Асада: «Гэта будзе шматгадовая праца»

Супрацоўнік сырыйскай грамадзянскай абароны аглядае чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ў двух падвалах на ўскраіне Дамаску 28 студзеня 2025 году. Паводле зьвестак «Белых касак», абгарэлыя парэшткі тут належаць прынамсі 26 ахвярам рэжыму Башара Асада

Лябараторыю цалкам фінансуе Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца.

Як мэдыкі ідэнтыфікуюць парэшткі з масавых пахаваньняў у Сырыі, апавядае BBC.

Доктар Анас аль-Хурані — кіраўнік наноў адкрытага Сырыйскага цэнтру ідэнтыфікацыі. Побач зь ім два сталы, пакрытыя сьцегнавымі косткамі.

«Яны са зьмешанай брацкай магілы»,-- кажа ён. На кожным лямінаваным белым абрусе зьмяшчаецца 32 косткі чалавечага сьцягна. Іх акуратна расклалі і пранумаравалі.

Сартаваньне — першая задача для гэтага новага зьвяна ў доўгім ланцужку пераходу ад злачыннасьці да правасудзьдзя ў Сырыі.

«Зьмешаная брацкая магіла» азначае, што трупы былі кінуты адзін паверх другога. Хутчэй за ўсё, гэтыя косткі належаць некаторым з сотняў тысяч, як лічыцца, забітых рэжымамі зрынутага прэзыдэнта Башара Асада і яго бацькі Хафэза, якія разам кіравалі Сырыяй больш за пяць дзесяцігодзьдзяў.


Працы на масавым пахаваньні ў Сырыі

Калі гэта так, кажа доктар аль-Хурані, то яны былі сярод самых апошніх ахвяраў — памерлі ня больш за год таму.

Доктар аль-Хурані — судовы адантоляг: зубы могуць расказаць пра цела значна больш, кажа ён, прынамсі, калі ідзецца пра ідэнтыфікацыю асобы. Але і ад сьцегнавой косткі працаўнікі лябараторыі ў падвале гэтага шэрага офіснага будынку ў Дамаску могуць пачаць пошук: яны могуць даведацца рост, пол, узрост, якую працу выконваў чалавек; таксама можна ўбачыць, ці катавалі ахвяру.

Залаты стандарт у ідэнтыфікацыі — гэта, вядома, аналіз ДНК. Але, кажа аль-Хурані, у Сырыі ёсьць толькі адзін цэнтар тэставаньня ДНК. Шмат цэнтраў было зьнішчана ў грамадзянскую вайну. І «праз санкцыі многія хімічныя рэчывы-прэкурсоры, патрэбныя нам для тэстаў, цяпер недаступныя».

Сырыйскім дактарам таксама паведамілі, што «часткі прыладаў могуць быць скарыстаныя ў авіяцыі, а значыць, у ваенных мэтах». Іншымі словамі, яны могуць лічыцца таварамі «падвойнага выкарыстаньня», а значыць, забароненымі для экспарту ў Сырыю многімі заходнімі краінамі. Да таго ж цана: 250 даляраў за адзін тэст. І, кажа доктар аль-Хурані, «у зьмешанай брацкай магіле вы павінны зрабіць каля 20 тэстаў, каб сабраць усе часткі аднаго цела».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы паведамілі аб забойствах сырыйскімі ўладамі сотняў мірных жыхароў

Новы ўрад ісламісцкіх паўстанцаў, якія сталі кіраўнікамі краіны, кажа, што адзін зь іхных прыярытэтаў — тое, што яны называюць «правасудзьдзем пераходнага пэрыяду».

Многія сырыйцы, якія страцілі сваякоў і згубілі ўсе іхныя сьляды, казалі ВВС, што яны застаюцца расчараванымі: яны хочуць бачыць больш намаганьняў тых людзей, якія ўрэшце адхілілі Башара Асада ад улады ў сьнежні летась, пасьля 13 гадоў вайны. За гэтыя доўгія гады канфлікту сотні тысяч былі забітыя, а мільёны — перамешчаныя. Паводле адной з ацэнак, больш за 130 тысяч чалавек гвалтоўна зьніклі бяз вестак.

І пры цяперашніх тэмпах расьсьледаваньня могуць спатрэбіцца месяцы, каб ідэнтыфікаваць толькі адну ахвяру ў зьмешаным масавым пахаваньні.

«Гэта, — кажа доктар аль-Хурані, — будзе справай многіх, многіх гадоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сырыі прызначылі новы ўрад. У ім ёсьць прадстаўнікі друзаў, алавітаў і курдаў