Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на прапанову КДБ накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні Абʼяднанага пераходнага кабінэту (АПК) «тэрарыстычнай арганізацыяй», паведаміла прэс-служба ведамства.
Як сьцьвярджаюць у Генэральнай пракуратуры, мэта АПК — «дзеяньні па плянаваньні, рыхтаваньні і ўчыненьні замахаў на незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і грамадзую бясьпеку Беларусі шляхам захопу і ўтрыманьня дзяржаўнай улады».
Пра стварэньне Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў жніўні 2022 году абʼявіла дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
Задачай АПК як «пастаяннага выканаўчага органу» дэмакратычных сілаў ёсьць распрацоўваньне, прыняцьце і выкананьне «палітычных рашэньняў, неабходных для захаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, пераадоленьня палітычнага крызісу ў Беларусі, абароны інтарэсаў, правоў і свабодаў яе грамадзянаў і забесьпячэньня пераходу да дэмакратычнага кіраваньня ў Беларусі».
У 2022 годзе, менш чым празь месяц пасьля ўтварэньня, Абʼяднаны пераходны кабінэт рашэньнем КДБ Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўрапарлямэнт прызнаў перасьлед рэжымам Лукашэнкі беларусаў, якія знаходзяцца ў краінах ЭЗ, парушэньнем іх сувэрэнітэтуЦіханоўская адрэагавала на зварот Шведа
Сьвятлана Ціханоўская, якая ўзначальвае АПК, адрэгавала на за зварот пракурора Шведа ў Вярхоўны суд:
«Гэта яшчэ адна дэманстрацыя бездапаможнасьці лукашэнкаўскага рэжыму. Яны навешваюць ярлыкі экстрэмістаў і тэрарыстаў на людзей, якія клапоцяцца і змагаюцца за інтарэсы беларускага народу. Для іх «тэрарысты» — гэта ўсе, хто супрацьстаіць беззаконьню, дапамагае рэпрэсаваным, распаўсюджвае праўду.
Паводле Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт быў створаны, каб абараняць незалежнасьць Беларусі, дамагацца вызваленьня палітвязьняў, падтрымліваць рэпрэсаваных і рыхтаваць мірны пераход да дэмакратыі.
«Мы змагаемся ня зброяй, а праўдай, салідарнасьцю і міжнароднай падтрымкай. Лукашэнкаўскі рэжым, адказны за злачынствы супраць чалавечнасьці, за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і рэпрэсіі супраць уласнага народа, цяпер спрабуе перавярнуць усё з ног на галаву.Але ніякія ярлыкі, ніякія пагрозы не паўплываюць на нашу працу. Насамрэч гэта яшчэ раз пацьвярджае, што мы робім добрую і правільную справу».
Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што працягне працу на ўсіх кірунках — нацыянальная бясьпека, сацыяльная дапамога, культурнае адраджэньне, моладзевая палітыка, міжнародныя справы і падрыхтоўка транзыту ўлады.
«Мы працуем у інтарэсах беларусаў, і пагрозы рэжыму ня спыняць нашую дзейнасьць».
У офісе Ціханоўскай таксама заявілі, што рэжым чарговы раз спрабуе перакласьці віну з хворай галавы на здаровую, але гэта яму не ўдасца:
«Тэрарызм — гэта дасягненьне сваіх палітычных мэтаў гвалтоўным шляхам, гэта значыць праз ужываньне супраць мірнага насельніцтва гвалту, забойстваў, незаконных затрыманьняў, катаваньняў, запалохваньня. То бок роўна тое, што рэжым рабіў у 2020-м у адносінах да мірных беларусаў і працягвае рабіць цяпер — каб утрымацца ва ўладзе».