Рэзка вырасла колькасьць вайскоўцаў, якіх падчас вайны ва Ўкраіне судзяць у Расеі

Расейскі салдат у баявой машыне на тэрыторыі Луганскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Амаль у тры разы за апошнія дзесяць гадоў павялічылася колькасьць вайскоўцаў, асуджаных за крымінальныя злачынствы, учыненыя ў Расеі, сьведчыць статыстыка судовага дэпартамэнту Вярхоўнага суда РФ.

«Настоящее время» расказала, як у 2024 годзе судзілі расейскіх вайскоўцаў.

За 2024 год у Расеі асудзілі звыш 13,5 тысячы вайскоўцаў — гэта самы высокі паказчык за апошнія 10 гадоў. Вярхоўны суд РФ улічвае ў прысудах як прызыўнікоў, так і кантрактнікаў.

Хаця з 2015 году колькасьць асуджаных у Расеі вайскоўцаў паступова зьніжалася, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну іх колькасьць рэзка пачала расьці і павялічвацца з кожным годам. Калі за 2014 год у Расеі асудзілі 5036 вайскоўцаў, у 2022 годзе — 4 122, у 2023 годзе — 7 713, а ў 2024 годзе амаль удвая больш — 13 647 вайскоўцаў.

Таксама вайскоўцаў у Расеі сталі часьцей прыгаворваць да рэальнага пазбаўленьня волі. Калі з 2014-га па 2021 год у сярэднім прыкладна 18% вайскоўцаў атрымалі турэмныя тэрміны, дык з 2022-га па 2024 год іх доля павялічылася ў сярэднім да 35%. У 2024 годзе роўна палова асуджаных вайскоўцаў атрымалі рэальныя тэрміны.

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну рэзка вырасла колькасьць вайскоўцаў, якія на момант учыненьня злачынства мелі непагашаную судзімасьць. З 2014 году іх стала ў 16 разоў больш: калі ў 2014 годзе непагашаныя судзімасьці былі толькі ў 2,2% з усіх асуджаных вайскоўцаў, то ў 2024 годзе — у 12,6%. Гэта ў тым ліку зьвязана з тым, што зь сярэдзіны 2022 году Расея стала набіраць вязьняў з калёній для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Спачатку Дзярждума РФ прыняла закон, які дазваляе здымаць судзімасьці зь вязьняў за ўдзел у вайне ўжо праз паўгода, але пасьля мецяжу ПВК «Вагнэр» улетку 2023 году наборам вязьняў стала займацца Мінабароны Расеі і памілаваньне для зьняволеных адмянілі — цяпер іх выпускаюць у статусе «ўмоўна вызваленых».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я перажыла». Выйшаў фільм пра сэксуалізаваны гвалт у час войнаў у Босьніі і Ўкраіне

За гэты час на волю ў тым ліку выходзілі асуджаныя за забойствы і згвалтаваньні. Яны ж пасьля вяртаньня з фронту зьдзяйсьнялі падобныя злачынствы. Як падлічыла «Вёрстка», за тры гады вайны сама меней 202 былыя расейскія вязьні, якія вярнуліся з фронту, забілі або сваімі дзеяньнямі прывялі да сьмерці 219 чалавек, а з 676 вайскоўцаў, асуджаных за забойствы ці прычыненьне цяжкай шкоды здароўю, што прывяло да сьмерці, 392 — былыя вязьні.

Расьце і цяжар злачынстваў, якія зьдзяйсьняюць вайскоўцы. Калі ў 2014 годзе толькі ў траціне прысудаў ішла гаворка пра цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, то да 2024 году прыкладна два з трох злачынстваў маюць цяжкі або асабліва цяжкі характар (напрыклад, забойствы, згвалтаваньні непаўналетніх і разбой).

За дзесяць гадоў амаль у 4,5 разы павялічылася колькасьць вайскоўцаў, якіх асудзілі паводле артыкулу «Забойства»: калі ў 2014 годзе за гэта асудзілі 8 чалавек, то ў 2024 годзе — 134. Агулам з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў Расеі за забойства асудзілі 263 вайскоўцаў.

Амаль у 4 разы вырасла колькасьць асуджаных паводле артыкулаў, якія датычацца палавой недатыкальнасьці, — у 2024 годзе па іх вынесьлі прысуды ў дачыненьні да 102 вайскоўцаў. За згвалтаваньні і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару асудзілі 58 вайскоўцаў. Яшчэ ў дачыненьні да 44 вайскоўцаў вынесьлі прысуды па артыкулах аб дзеяньнях сэксуальнага характару, у тым ліку ў дачыненьні да непаўналетніх.

Значна павялічылася колькасьць вайскоўцаў, якіх асудзілі за наўмыснае прычыненьне цяжкай шкоды здароўю: у 2014 годзе па гэтым артыкуле асудзілі 39 вайскоўцаў, а ў 2024 годзе — адно 187, прычым у 65 выпадках празь дзеяньні вайскоўцаў гінулі людзі.

Таксама павялічыліся прысуды ў дачыненьні да вайскоўцаў паводле артыкулаў, зьвязаных з наркатычнымі і псыхатропнымі рэчывамі.

Адзіны артыкул Крымінальнага кодэксу РФ, па якім стала менш асуджаных вайскоўцаў, — «Махлярства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявілася інфармацыя пра расстрэл расейцамі ўраджэнца Беларусі, які адмовіўся ісьці ў «мясны штурм» на Данбасе

Крымінальныя справы ва Ўкраіне

Разам з тым расейскіх вайскоўцаў судзяць і ва Ўкраіне — за зьдзейсьненыя злачынствы падчас вайны. Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году зарэгістраваў больш за 187 тысяч крымінальных спраў. Пераважная большасьць зь іх — 166 444 — зьвязаныя з парушэньнямі законаў і звычаяў вайны, да якіх адносяцца жорсткае абыходжаньне з палоннымі ці цывільнымі, ужываньне зброі, забароненай міжнародным правам.

Сярод падазраваных — 735 чальцоў вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі. У гэтых справах фігуруюць і ўкраінскія грамадзяне, якія дапамагалі расейскім вайскоўцам і акупацыйным уладам на ўкраінскіх тэрыторыях, захопленых Расеяй.

З пачатку вайны па люты 2025-га суды Ўкраіны вынесьлі прысуды ў дачыненьні да 168 расейскіх вайскоўцаў, вынікае са зьвестак Генпракуратуры Ўкраіны. Толькі паводле артыкулаў аб «злачынствах агрэсіі», «ваенных злачынствах» і «сэксуалізаваным гвалце, зьвязаным з канфліктам» пракуроры перадалі ў суды 235 абвінаваўчых актаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СБУ абвясьціла ў вышук грамадзянку Расеі, якая заклікала свайго мужа гвалтаваць украінскіх жанчын

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.