Ужо сёньня: палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай — 43 гады

Марыя Калесьнікава на мітынгу ў Менску, 22 жніўня 2020 году

Падзеі 24 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

24 красавіка 1982 году ў Менску нарадзілася беларуская палітычная і грамадзкая актывістка, а таксама прафэсійная музыкантка (флейтыстка), палітзьняволеная Марыя Калесьнікава.

У час выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі Калесьнікава была адной з кіраўнікоў штабу Віктара Бабарыкі. У верасьні 2020-га сілавікі спрабавалі выдварыць яе з краіны, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. У выніку Марыю абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзілі на 11 гадоў калёніі. Таксама яна знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія, на думку ўладаў, «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Таксама ў гэты дзень

1794 — створана Найвышэйшая Лiтоўская Рада, часовы ўрад ВКЛ, дзейнічала ў Вільні да 11 чэрвеня 1794.

1800 — прэзыдэнт ЗША Джон Адамс заснаваў Бібліятэку Кангрэсу, вылучыўшы 5000 даляраў на закуп кніг.

1863 — паўстанцкі атрад Людвіка Зьвяждоўскага вызваліў Горкі ад расейскага войска.

24 красавіка 1915 году турэцкія ўлады пачалі масавыя забойствы, арышты і дэпартацыю армянскай інтэлігенцыі Канстантынопалю. Пазьней гэтая дата стане Днём памяці ахвяраў генацыду армянаў у Асманскай імпэрыі 1915–1923 гадоў.

Шэсьце ў Ерэване памяці ахвяраў генацыду армянаў, здымак 2017 году

1959 — адкрыты Лідзкі краязнаўчы музэй.

1981 — адбылася прэзэнтацыя першага пэрсанальнага кампутара.

1990 — закон „Аб мовах народаў СССР“ вызначыў расейскую афіцыйнай мовай СССР.

1996 — у Менску КГБ праводзіць ператрус у рэдакцыі газэты „Наша Ніва“ ў зьвязку са справай Славаміра Адамовіча, арыштаванага супрацоўніка газэты.

1997 — выходзіць першы нумар „Газэты Слонімскай“, якая спыніла свой выхад у 1939 годзе.

1999 — адбыўся І зьезд беларусаў Расейскай Фэдэрацыі.

У гэты дзень нарадзіліся

1772 — Ян Цывінскі, каталіцкі дзяяч і філянтроп.

1889 — Юры Сабалеўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст.

1900 — Аркадзь Моркаўка, беларускі паэт.

1936 — Вера Рыч, ангельская паэтка і перакладчыца з украінскай і беларускай моваў. Дзякуючы ёй па-ангельску загучала паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Натальлі Арсеньневай, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі, Цёткі, Ларысы Геніюш, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева.

Вера Рыч, 2008 год.

1944 — Зянон Пазьняк, беларускі палітык, грамадзкі і культурны дзяяч. Кіраўнік Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Адзін з тых палітыкаў, хто пасьлядоўна выступаў за незалежнасьць Беларусі, а з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ладзіў шматтысячныя маршы пратэсту. З 1996 году ў эміграцыі.

1977 — Сяргей Балахонаў, беларускі пісьменьнік.

1982 — палітзьняволеная Марыя Калесьнікава.

У памяці

1347 — у Вільні за пераход у хрысьціянства павесілі Івана Няжылу, аднаго з трох віленскіх пакутнікаў.

1957 — Аркадзь Моркаўка, паэт.

2009 — Флярыян Няўважны, польскі славіст, спэцыяліст у беларускай літаратуры.

2012 — Алесь Наўроцкі, лекар, празаік і паэт.

2014 — Тадэвуш Ружэвіч, польскі паэт і драматург.