Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Крамлі з кіраўніком Генштаба Валерыем Герасімавым заявіў аб Велікодным перамір’і.
«Расейскі бок спыняе ўсе баявыя дзеяньні з 18:00 19 красавіка да 00:00 21 красавіка»,— гаворыцца ў паведамленьні Крамля.
«Кіруючыся гуманітарнымі меркаваньнямі, сёньня з 18.00 да 00.00 з нядзелі на панядзелак расейскі бок аб’яўляе велікоднае перамірʼе. Загадваю на гэты пэрыяд спыніць усе баявыя дзеяньні. Зыходзім з таго, што ўкраінскі бок рушыць усьлед нашаму прыкладу. Пры гэтым нашы войскі павінны быць гатовыя да магчымых парушэньняў перамірʼя і правакацыяў з боку суперніка, любых яго агрэсіўных дзеяньняў», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Пры гэтым Пуцін заклікаў сваіх вайскоўцаў быць пільнымі, гатовымі да нанясеньня адказу ў выпадку парушэньняў замірэньня.
У Мінабароны Расеі 19 красавіка пасьля загаду Пуціна паведамілі, што рэжым спыненьня агню будзе выконвацца пры ўмове яго ўзаемнага захаваньня украінскім бокам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Перад Вялікаднем паміж Расеяй і Ўкраінай адбыўся буйны абмен палоннымі, які зноў прайшоў у БеларусіРэакцыя Зяленскага: «У нашым небе выявілі расейскія бесьпілётнікі»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвечары 19 красавіка пракамэнтаваў заяву Крамля аб Велікодным перамір’і.
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
У сваім Telegram-канале ён назваў гэта спробай гульні з жыцьцямі людзей і ўказаў на паветраную трывогу ў некалькіх рэгіёнах Украіны:
«У 17.15 у нашым небе былі выяўленыя расейскія ўдарныя бесьпілётнікі. Украінская СПА і авіяцыя ўжо прыступілі да працы па абароне. „Шахеды“ ў нашым небе — гэта сапраўднае стаўленьне Пуціна да Вялікадня і да жыцьцяў людзей».
У прыватнасьці, мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў аб працы супрацьпаветранай абароны ад расейскіх бесьпілётнікаў на левым беразе сталіцы Ўкраіны.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Ўкраіна пагадзілася з прапановай ЗША аб поўным часовым спыненьні агню на 30 дзён 11 сакавіка і хоча, каб расейскія войскі фактычна спынілі агонь на ўсіх напрамках.
«Пазыцыя Ўкраіны застаецца яснай і пасьлядоўнай: яшчэ ў Джыдзе 11 сакавіка мы безумоўна пагадзіліся з прапановай ЗША аб поўным часовым спыненьні агню на 30 дзён.
Расея адмовілася, і гэтая расейская адмова ЗША цягнецца 39 дзён. Замест гэтага за гэты час маскоўскі рэжым высоўваў розныя ўмовы і ўзмацняў тэрор супраць Украіны, мірнага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры па ўсёй нашай краіне.
Цяпер Пуцін зрабіў заявы аб сваёй нібыта гатоўнасьці да спыненьня агню. 30 гадзін замест 30 дзён. На жаль, у нас ёсьць значны досьвед, калі яго заявы не адпавядалі яго дзеяньням. Мы ведаем, што ягоным словам нельга верыць, і будзем глядзець на дзеяньні, а не на словы».
Сыбіга падкрэсьліў, што Расея можа ў любы момант пагадзіцца з прапановай аб поўным і безумоўным спыненьні агню на 30 дзён, якая знаходзіцца на стале з сакавіка.
Пасьля 21-й гадзіны 19 красавіка Ўладзімір Зяленскі напісаў у Фэйсбуку:
«Адпаведная прапанова аб поўным і безумоўным спыненьні агню тэрмінам на 30 дзён заставалася без адказу Расеі ўжо 39 дзён. З гэтай прапановай выступілі ЗША, Украіна ўспрыняла яе станоўча, але Расея праігнаравала яе.
Калі Расея раптам будзе гатовая сапраўды далучыцца да фармату поўнай і безумоўнай цішыні, то Ўкраіна будзе дзейнічаць люстэркава — гэтак жа, як і з расейскага боку. Цішыня ў адказ на цішыню, удары ў абарону ад удараў. Калі сапраўды запануе поўная цішыня, то Ўкраіна прапануе падоўжыць яе і пасьля заканчэньня Вялікадня 20 красавіка. Гэта раскрые сапраўдныя намеры Расеі, бо 30 гадзін дастаткова для загалоўкаў, але не для рэальных захадаў умацаваньня даверу. 30 дзён могуць даць міру шанец».
Пры гэтым спасылаючыся на даклад Вярхоўнага галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага Зеленскі заявіў, што на асобных участках фронту працягваюцца расейскія штурмавыя баявыя дзеяньні і расейская артылерыя не спыняецца.
«Таму да словаў з Масквы няма даверу. Мы добра ведаем, як маніпулюе Масква, і заўсёды гатовыя на ўсё. Украінскія сілы абароны будуць дзейнічаць рацыянальна, адказваючы люстэркава. На кожны расейскі ўдар будзе дастатковы адказ».
Што казаў раней Трамп
17 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае адказу ад Масквы наконт спыненьня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне «да канца тыдня». Пра гэта ён сказаў у Белым доме падчас сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні.
У Трампа спыталі, у які момант ён вызначыцца, ці гатовая Расея да спыненьня агню і, пры патрэбе, узмоцніць санкцыі супраць яе.
«Паглядзім. Мы атрымаем ад іх адказ на гэтым тыдні, вельмі хутка, і пабачым», — адказаў тады прэзыдэнт ЗША.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё 18 красавіка заявіў, што Злучаныя Штаты могуць спыніць спробы дасягнуць мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Украінай, калі ня будзе дакладных прыкметаў яго хуткага заключэньня.
Паводле Марка Рубіё, ЗША чакаюць выніку перамоваў аб завяршэньні вайны Расеі ва Ўкраіне «ў бліжэйшыя дні, ня тыдні», і калі гэтага не адбудзецца, яны будуць вымушаныя засяродзіцца на іншых прыярытэтах.
«Амаль усе першыя 100 дзён прэзыдэнта былі прысьвечаныя спробам на найвышэйшым магчымым узроўні дасягнуць міру тут. І калі гэта мае адбыцца, мы хочам дапамагчы. Але калі гэтага не адбудзецца, нам трэба ведаць зараз, бо маем іншыя рэчы, якімі мусім займацца», — заявіў кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
У студзені 2023 года Пуцін даручаў міністру абароны Сяргею Шайгу ўвесьці рэжым спыненьня агню па ўсёй лініі судакрананьня ва Ўкраіне на праваслаўныя Каляды. Аднак баі тады не спыняліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп «да канца тыдня» чакае ад Масквы адказу наконт спыненьня агню ва ЎкраінеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.