У парлямэнце Польшчы абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі і выбары 26 студзеня

Сэйм Польшчы. Архіўнае фота

Сэйм Польшчы мае намер заявіць аб непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Немагчымасьць прызнаньня «так званых выбараў у якасьці рэальнага адлюстраваньня волі беларусаў» зьмяшчаецца ў праекце рэзалюцыі Сэйму Польшчы, якая плянуецца да прыняцьця 20 сакавіка.

Адзначаецца непразрыстасьць працэдуры і «парушэньне міжнародных стандартаў».

Ніжняя палата парлямэнту Польшчы таксама мае намер заявіць, што свабодная і сувэрэнная Беларусь ёсьць ключавым фактарам для стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне.

У праекце дакумэнту адзначаецца, што Сэйм Польшчы «выказвае глыбокую занепакоенасьць» палітычнай сытуацыяй у Беларусі.

Абмеркаваньне праекту рэзалюцыі аб апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, які ініцыявала парлямэнцкая група «За свабодную Беларусь», адбылося ў Сэйме 19 сакавіка, паведамляе тэлеграм-канал намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Паўла Латушкі. Палітыка запрасілі на слуханьні.

Падчас абмеркаваньня асаблівую ўвагу дэпутаты «надалі важнасьці падтрыманьня дэмакратычных памкненьняў беларускага грамадзтва, а таксама дэмакратычных сілаў Беларусі», падкрэсьлівалі, што «вольная і незалежная Беларусь адпавядае нацыянальным інтарэсам Польшчы».

У Сейме Польшчы таксама адбыліся сустрэчы Латушкі з намесьнікам старшыні згаданай парлямэнцкай групы Марцінам Басацкім і яе сакратаром Аляксандрай Узнаньскай-Вісьнеўскай, спавяшчальнікам аб рэзалюцыі Паўлам Блізьнюком.

Латушка заклікаў прадстаўнікоў польскага парлямэнта «зыходзіць з важнасьці працягу падтрыманьня грамадзянскай супольнасьці Беларусі, узаемадзейнічаючы з інстытутамі, створанымі дэмакратычнымі сіламі, дэмакратычнымі ініцыятывамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці».

Ён падкрэсьліў важнасьць забесьпячэньня для беларусаў максымальных магчымасьцяў наведваць краін ЭЗ, падтрыманьня незалежных СМІ і блогераў «для захаваньня антываенных і прадэмакратычных настрояў у беларускім грамадзтве, што адпавядае ўзаемным інтарэсам як дэмакратычных сілаў Беларусі, так і Польшчы».


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вольных купалаўцаў» узнагародзілі прэміяй Міністэрства культуры Польшчы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусу выставілі абвінавачаньне ў падпале супэрмаркету ў Варшаве на заданьне выведкі Расеі