У Беларусі зноў перанесьлі дату ўвядзеньня Нацыянальнага футбольнага стадыёну, які будуюць пры ўдзеле Кітаю

Такім мусіць быць Нацыянальны футбольны стадыён. Архіўнае фота

Спачатку плянавалі здаць стадыён да канца 2023-га, потым — да 31 сьнежня 2024 году, а ўжо сёлета правесьці на ім фінал Кубка Беларусі і таварыскі матч з Расеяй.

Аляксандар Лукашэнка сваім новым указам зьмяніў дату ўвядзеньня Нацыянальнага футбольнага стадыёну, які будуецца з 2020 году з удзелам інвэстыцый Кітаю.

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнце, цяпер датай увядзеньня стадыёну і аб’ектаў у эксплуатацыю будзе лічыцца «дата падпісаньня акту тэхнічнай перадачы».

Будаўніцтва ўсіх іншых аб’ектаў, якія ўваходзяць у комплекс, павінны завяршыць да 1 кастрычніка 2025 году.

Прадугледжваецца, што для інжынэрна-тэхнічнага і юрыдычнага суправаджэньня праекту, у тым ліку, для гарантыйнага абслугоўваньня стадыёну і аб’ектаў, будзе створана адмысловы структурны падразьдзел.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія ўлады паказалі праект «кітайскага» футбольнага стадыёну. ФОТА

Гэта другі перанос тэрміну ўвядзеньня аб’екту. Першапачаткова стадыён плянавалі здаць да канца 2023 году, а потым — да канца 2024 году. Сёлета на стадыёне плянавалі правесьці фінал Кубку Беларусі, а таксама таварыскі матч паміж Беларусьсю і Расеяй.

30 чэрвеня 2020 году ў Менску на стадыёне «Дынама» правялі ўрачыстую цырымонію з удзелам кітайскіх дыпляматаў і беларускіх чыноўнікаў з нагоды пачатку будаўніцтва ў Менску за кітайскія грошы Нацыянальнага футбольнага стадыёну і басэйн міжнароднага стандарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Снапкоў заявіў пра «дыпляматычны геній» Лукашэнкі пасьля пачатку будаўніцтва кітайскага стадыёна ў Менску

Як вынікала з афіцыйных заяваў, на будаўніцтва двух аб’ектаў Кітай выдзеліў Беларусі 240 мільёнаў даляраў.

Басэйн адкрылі летась 6 лістапада, хоць першапачаткова таксама плянавалі здаць у 2023 годзе. У афіцыйнай цырымоніі ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка — ён тады заявіў, што будаўніцтва футбольнага стадыёну завершыцца неўзабаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адкрыў у Менску «кітайскі» басэйн