У Паўночным моры грузавое судна сутыкнулася з танкерам, узьнік пажар

Ілюстрацыйнае фота.

У Паўночным моры каля берагоў Вялікай Брытаніі грузавое судна сутыкнулася з танкерам, узьнік моцны пажар. Да месца здарэньня накіраваныя пажарныя і ратавальныя судны, а таксама верталёты, ідзе эвакуацыя экіпажаў.

Паводле дадзеных Marine Traffic, танкер — гэта судна Stena Immaculate, якое ходзіць пад сьцягам ЗША, а грузавое судна — кантэйнэравоз Solong пад сьцягам Партугаліі. Іх сутыкненьне адбылося каля 10 гадзіны раніцы ў панядзелак. Танкер стаяў на якары, а Solong, па здагадцы экспэртаў, мог рухацца на аўтапілёце і ўрэзаўся ў танкер амаль пад прамым вуглом.

Моцнае гарэньне назіраецца на абодвух суднах. Пра ахвяры і пацярпелых пакуль не паведамляецца. Як паказвае ВВС, на бераг ужо эвакуаваныя 32 чалавекі. Гэта ўся каманда Solong (больш за 20 чалавек), зь іх ніхто не пацярпеў. Астатнія — з танкера, пра іх стан пакуль няма зьвестак.

Мяркуючы па аўдыёзапісах берагавой аховы, Stena Immaculate вёз авіяцыйнае паліва. Пры поўнай загрузцы яго ёмістасьць — 46 572 кубамэтры.