Эдуарда Бабарыку ўтрымліваюць у зьняволеньні ўжо больш за чатыры з паловай гады. У ліпені 2024 году яму дадалі да 8 гадоў пазбаўленьня волі яшчэ 2 гады паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»).
Для адбыцьця тэрміну палітвязьня перавялі ў ваўкавыскую калёнію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі на яго завялі другую запар справу паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суд пачынаецца 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну, паведамляе Вясна. Судзьдзя — Мікалай Сяргейка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эдуард Бабарыка пяты раз адзначае дзень народзінаў за кратаміПалітвязьню Эдуарду Бабарыку 30 студзеня споўнілася 35 гадоў. Гэта пяты дзень народзінаў палітвязьня ў зьняволеньні.
Эдуарда Бабарыку і ягонага бацьку Віктара Бабарыку, які сабраў дзясяткі тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта, затрымалі 18 чэрвеня 2020 году, калі яны накіроўваліся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Віктара Бабарыку пазьнейпрызналі вінаватым у атрыманьні хабару і легалізацыі грошай, атрыманых злачынным шляхам, і асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня.
Ягонага сына Эдуарда, які ўзначальваў перадвыбарны штаб Віктара Бабарыкі, судзілі толькі ў ліпені 2023 году і прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле трох «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з 342-м («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Праз год да гэтага тэрміну дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня. Суд праходзіў у Бабруйску. У верасьні 2024 году апэляцыйную скаргу на новы прысуд адхілілі. Фактычна з таго часу, паводле праваабаронцаў, новых зьвестак пра Эдуарда Бабырыку няма.
Чым вылучаецца справа Эдуарда Бабарыкі сярод іншых палітвязьняў?
Сьледзтва і суд у ягонай справе занялі амаль 3,5 года. Гэта рэкордны тэрмін для палітычных крымінальных справаў у Беларусі.
У вырак палітвязьню не залічылі час утрыманьня ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачаньні, а там палітвязень прабыў ажно паўтара года.
Раніцай 8 студзеня ў канале Рамана Пратасевіча зьявіліся фота і відэа зь Віктарам Бабарыкам, зробленыя ў наваполацкай калёніі. Гэтак перарвалася больш як гадовае маўчаньне пра былога кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.
Зьвестак пра тое, што адбываецца зь ягоным сынам Эдуардам, які таксама ў зьняволеньні фактычна ў рэжыме «інкамунікада», дагэтуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навіны палітвязьняў: на Эдуарда Бабарыку ў калёніі завялі новую справу; Марыю Калесьнікаву вярнулі з ПКТ у атрад