Трамп выступіў за «вяртаньне рэлігіі» ў Белы дом

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас Нацыянальнага малітоўнага сьняданку, Вашынгтон, 6 лютага 2025

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы ў Капітоліі на Нацыянальным малітоўным сьняданку, паабяцаў стварыць у Белым доме камісію па рэлігійнай свабодзе і офіс у справах веры.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Трамп таксама паведаміў, што падпіша ўказ, у якім даручыць кіраўніцы Міністэрства юстыцыі Пэм Бондзі стварыць мэтавую групу дзеля барацьбы з антыхрысьціянскімі забабонамі ў структурах фэдэральнага ўраду.

Задачай гэтай групы будзе «неадкладнае спыненьне ўсіх форм антыхрысьціянскага цкаваньня і дыскрымінацыі ў фэдэральным урадзе, уключаючы Міністэрства юстыцыі, падатковую службу, ФБР і іншыя агенцтвы», — растлумачыў Трамп.

«Мы павінны вярнуць рэлігію... Амэрыка ёсьць і навекі застанецца адзінай краінай, якую вядзе Бог», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Беручы ўдзел у Нацыянальным малітоўным сьняданку ў Капітоліі, Трамп прытрымліваецца больш як 70-гадовай традыцыі. Мерапрыемства закліканае аб’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў і знаходзяцца ў розных партыях.