Масавыя пратэсты ў Сэрбіі: студэнты перакрылі аўтамагістраль у Бялградзе

Акцыя пратэсту ў Бялградзе, 27 студзеня 2025

У сталіцы Сэрбіі Бялградзе 27 студзеня ўдзельнікі акцыі пратэсту студэнтаў перакрылі важную транспартную магістраль. Блякада мае цягнуцца 24 гадзіны.

У акцыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі іншых групаў насельніцтва Сэрбіі, якія падтрымліваюць патрабаваньні студэнтаў — у прыватнасьці, фэрмэры прыехалі на трактарах.

Фатаздымкі акцыі, у якой удзельнічаюць сотні людзей, публікуе Балканская служба Радыё Свабода.

Пратэсты ў Бялградзе 27 студзеня

Пратэсты ў Бялградзе і іншых гарадах Сэрбіі працягваюцца ўжо больш за месяц. Яны пачаліся пасьля трагедыі ў горадзе Нові-Сад на поўначы Сэрбіі. Там 1 лістапада з прычыны падзеньня страхі на чыгуначным вакзале загінулі 15 чалавек.

Студэнты першапачаткова запатрабавалі празрыстага расьсьледаваньня трагедыі і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. Студэнты, якіх падтрымліваюць актывісты апазыцыі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, лічаць адказнымі за тое, што здарылася, улады, абвінавачваючы іх у карупцыі, якая і прывяла да няякаснага рамонту будынку вакзалу.

Пасьля таго, як улады, на думку ўдзельнікаў акцый пратэсту, не прыслухаліся да іх патрабаваньняў, пачалі вылучацца і палітычныя патрабаваньні, у прыватнасьці, аб стварэньні пераходнага ўраду, які б падрыхтаваў свабодныя датэрміновыя выбары ў парлямэнт. Для многіх удзельнікаў пратэстаў трагедыя ў Нові-Садзе стала пацьвярджэньнем таго, што, на іх думку, урад і прэзыдэнт Аляксандар Вучыч вядуць краіну па няправільным шляху.

Пасьля сэрыі масавых мітынгаў у мінулую пятніцу 24 студзеня быў арганізаваны ўсеагульны страйк, да якога далучыліся навучальныя ўстановы і каля 200 кампаніяў па ўсёй краіне. У выходныя ў Бялградзе і іншых гарадах Сэрбіі ізноў прайшлі маршы пратэсту. Яшчэ ў сьнежні была заблякаваная праца больш за 50 факультэтаў чатырох дзяржаўных унівэрсытэтаў, а таксама дзясяткаў сярэдніх школ.

Прэзыдэнт Вучыч, з аднаго боку, абяцае прыслухацца да патрабаваньняў удзельнікаў акцый пратэсту. У прыватнасьці, 25 студзеня ён заклікаў чыноўнікаў апублікаваць усе дакумэнты, зьвязаныя з рэканструкцыяй вакзалу ў Нові-Садзе — гэта адно з патрабаваньняў студэнтаў. Зь іншага боку, Вучыч і ягоныя прыхільнікі абвінавачваюць дэманстрантаў у супрацоўніцтве з замежнымі сіламі з мэтай дэстабілізаваць Сэрбію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сэрбскім Нові-Садзе працягваюцца пратэсты супраць уладаў Сэрбіі. Ёсьць арыштаваныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэрбія ўсьлед за Расеяй і Грузіяй блізкая да прыняцьця закону аб «іншаземных агентах»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго Эўразьвязу чакаць у 2025 годзе. Аналіз Свабоды