У Беларусі перабоі ў працы сайтаў і VPN

Раніцай 25 студзеня карыстальнікі зь Беларусі сутыкнуліся са складанасьцямі пры выкарыстаньні VPN-сэрвісаў і асобных замежных сайтаў.

Па інфармацыі чытачоў парталу «Люстэрка», перабоі закранулі як мінімум сем сэрвісаў ананімізацыі. Аднак засталіся і дзейныя спосабы падключыць свабодны доступ да інтэрнэту.

Паводле выданьня, праблемы пачаліся каля 10-11 раніцы па менскім часе. Яны закранулі жыхароў Менску і ўсіх абласьцей Беларусі. Цяжкасьці ёсьць пры выкарыстаньні і хатняга, і мабільнага інтэрнэту.

Беларусы не змаглі падключыцца да гэтых VPN-сэрвісаў: Proton VPN, NordVPN, TunnelBear, Thunder VPN, VPN — Super Unlimited Proxy, X-VPN, Planet VPN. А вось Psiphon, паводле інфармацыі чытачоў «Люстэрка», працуе.

Адзін з карыстальнікаў падрабязна апісаў, як выглядаў збой з Mullvad VPN: «Пасьля пасьпяховага ўсталяваньня злучэньня з сэрвэрамі Mullvad любыя пакеты перастаюць праходзіць. На ўсіх правайдэрах, уключаючы мабільны інтэрнэт, сытуацыя ідэнтычная», — паведаміў ён. Па яго назіраньнях, праблема распаўсюдзілася на два пратаколы — WireGuard і OpenVPN, а праз пратакол AmneziaWG атрымалася падлучыцца.

«Падобна на выбарачнае блякаваньне сэрвэраў, а не агульнае фільтраваньне VPN-трафіку. Але ўлічваючы бягучыя падзеі, я не выключаю, што з часам блякаваньне можа пашырыцца і на іншыя папулярныя VPN-сэрвісы», — разважае суразмоўца выданьня.

«Відаць, выкарыстоўваюць камбінаваны падыход з блякаваньня вядомых IP-адрасоў публічных VPN-сэрвісаў у зьвязку з блякаваньнем партоў, акрамя нейкага „белага сьпісу“», — падзяліўся іншы чытач «Люстэрка», які паспрабаваў розныя спосабы абысьці блякаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Цягам трох дзён немагчыма будзе зайсьці на большасьць беларускіх сайтаў з-за мяжы

Яшчэ карыстальнікі паведамілі аб збоі ў падлучэньні да асобных замежных сайтаў — Twitch, Steam, Reddit, а таксама пірацкіх онлайн-кінатэатраў. Ёсьць таксама два сьведчаньні пагаршэньня працы Telegram, аднак у цэлым мэсэнджар застаецца даступны.

Ёсьць сьведчаньні, што Вікіпэдыя пераставала працаваць зь Беларусі прыкладна на паўтары гадзіны. Збой зафіксаваў сайт Downdetector. su, там сабралася больш за 40 скаргаў, большасьць — зь Беларусі.

Час абмежаваньня супадае з правядзеньнем 26 студзеня электаральнай працэдуры, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі называе «прэзыдэнцкімі выбарамі».