Ужо сёньня: 130 гадоў з дня нараджэньня Лявона Більдзюкевіча, дзень народзінаў Васіля Сёмухі

Васіль Сёмуха

Падзеі 18 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1401 — заключаная Віленска-Радамская унія, скіраваная на збліжэньне ВКЛ і Польшчы.

1654 — Пераяслаўская рада прыняла рашэньне аб далучэньні Ўкраіны да Расеі.

1871 — у Вэрсальскім палацы пад Парыжам, па заканчэньні прайгранай французамі франка-прускай вайны, абвясьцілі стварэньне Нямецкай імпэрыі.

1918 — адкрылася першае і адзінае пасяджэньне Ўсерасейскага Ўстаноўчага сходу ў Петраградзе, які на наступны дзень быў разагнаны бальшавікамі.

1919 — пачалася Парыская мірная канфэрэнцыя, якая падсумавала вынікі Першай сусьветнай вайны і паспрыяла стварэньню новай сыстэмы міжнародных адносін.

«Вялікая чацьвёрка» на Вэрсальскай канфэрэнцыі (зьлева направа): прэм'еры Вялікай Брытаніі — Дэвід Лойд Джордж, Італіі — Эманюэль Арлянда, Францыі — Арыстыд Брыян і прэзыдэнт ЗША Вудра Вільсан, 1919

1921 — заснаванае Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.

1940 — указам Прэзыдыюму ВС БССР у Беластоцкай, Баранавіцкай, Берасьцейскай, Вілейскай і Пінскай абласьцях БССР замест паветаў утвораны 101 раён.

У гэты дзень нарадзіліся

1689 — Шарль Люі дэ Мантэск’ё, францускі правазнаўца і філёзаф.

Шарль Люі дэ Мантэск’ё

1882 — Алан Аляксандар Мілн, ангельскі пісьменьнік, аўтар аповесьцяў пра Віні-Пуха.

1882 — Ёсіф Лангбард, архітэктар, аўтар праектаў будынкаў Дому ўраду, Акадэміі навук, Опэрнага тэатру ў Менску і іншых.

Ёсіф Лангбард

1895 — Лявон Більдзюкевіч, аўтар «Нашай Нівы», удзельнік адраджэньня 1900 — 1920 гадоў пэдагог, матэматык, грамадзкі дзяяч, ахвяра сталінізму. Арыштаваны ў 1938 годзе, памёр на Калыме.

1912 — Пётра Сыч, пісьменьнік, журналіст, вязень ГУЛАГу, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Першыя журналісты Беларускай службы Радыё Свабода: Сымон Кабыш, Пётра Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч

1936 — Васіль Сёмуха, перакладчык мастацкай літаратуры, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

У памяці

1936 — Рэд’ярд Кіплінг, ангельскі празаік і паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1907).

Рэд'ярд Кіплінг

1984 — Панцеляймон Панамарэнка, кіраўнік савецкай Беларусі.

2011 — Віталь Тарас, беларускі журналіст, супрацоўнік Радыё Свабода, сын пісьменьніка Валянціна Тараса.

Віталь Тарас

2023 — Леакадзія Шышэя, дзяячка паваеннага супраціву, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памерла ўдзельніца беларускага антысавецкага супраціву Леакадзія Шышэя