Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» знайшла рэгіён, у якім назвалі прозьвішча даверанай асобы. Раённая газэта Менскага раёну «Прысталічча» за два тыдні агітацыі пісала толькі пра сустрэчы адной з 15 давераных асоб Лукашэнкі — дырэктара Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі (МНПЦ) і галоўнага пазаштатнага хірурга-трансплянтоляга Міністэрства аховы здароўя Алега Румо. У лякарнях Меншчыны ён хваліў дасягненьні ў галіне мэдыцыны ў Беларусі.
8 студзеня Румо правёў агітацыйныя сустрэчы ў Менскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні, РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, а таксама з супрацоўнікамі Менскай абласной клінічнай лякарні.
«Чыстая, кампактная і мірная Беларусь непарыўна зьвязаная зь імем Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён браў актыўны ўдзел у будаўніцтве і станаўленьні дзяржавы», — сказаў Румо пра свайго кандыдата.
У які час адбывалася сустрэча, невядома, але гэта было ўдзень (магчыма, у працоўны час), бо на фатаздымках за вокнамі яшчэ сьветла. Гэта тычыцца ўсіх сустрэч Румо з мэдыцынскімі работнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзяржаўнасьць няўстойлівая, пэрспэктывы цьмяныя. Што абяцае Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме9 студзеня Румо сустрэўся з працоўным калектывам Менскай цэнтральнай раённай клінічнай лякарні і Менскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў вайны імя Пятра Машэрава. Агітуючы за Лукашэнку, ён сказаў:
«Да нас едуць лячыцца і вучыцца з краін блізкага і далёкага замежжа».
Пры гэтым незалежныя экспэрты і беларускія мэдыкі адзначаюць вострую няхватку спэцыялістаў у шэрагу мэдыцынскіх устаноў. Шмат лекараў празь перасьлед пакінулі краіну і вымушана жывуць за мяжой.
13 студзеня Румо сустрэўся з мэдыцынскімі работнікамі Менскага абласнога супрацьсухотнага дыспансэру і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі ім. М. М. Аляксандрава.
У рэпартажы журналістка Валерыя Грамовіч нават не назвала імя даверанай асобы, нягледзячы на тое, што ў матэрыяле апублікаваныя фатаздымкі Алега Румо. У матэрыяле пазначана, што «асноўная тэма абмеркаваньня — разьвіцьцё мэдыцыны».
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тлумачым з Гурневічам. Праўда пра канкурэнтаў Лукашэнкі