Рэзалюцыю прынялі па выніках палітычнай асамблеі партыі, якая прайшла 14 студзеня.
«Цяперашнія „прэзыдэнцкія выбары“ — гэта фарс, і мы іх не прызнаем, як не прызналі выбары 2020 году, якія прывялі да неверагоднай эскаляцыі гвалту рэжыму супраць уласнага народа. Кандыдатам ад апазыцыі забаронена ўдзельнічаць у выбарах, свабода СМІ жорстка абмежаваная, выбарнікі зазнаюць запалохваньне, незалежнае назіраньне за выбарамі адсутнічае. Эўрапейская народная партыя недвухсэнсоўна заяўляе, што гэтыя „выбары“ нельга лічыць свабоднымі ці справядлівымі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У ёй Эўрапейская народная партыя асуджае «працяглыя сыстэматычныя рэпрэсіі» ў Беларусі і нагадвае пра палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі. У тэксьце рэзалюцыі адзначаецца, што рэпрэсіі і новыя арышты ў Беларусі «працягваюцца трывожнымі тэмпамі» напярэдадні так званых выбараў.
У рэзалюцыі ЭНП заяўляе, што будзе працягваць падтрымліваць народ Беларусі «ў яго барацьбе за сувэрэнную, дэмакратычную і квітнеючую Беларусь».
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выбары: ці спраўляюцца са сваімі ролямі спарынг-партнэры Лукашэнкі