Кіраўніком часовага ўраду Сырыі стаў Мухамад аль-Башыр. Што пра яго вядома

Мухамад аль-Башыр

Часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Башара Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Пра гэта ён сам заявіў у тэлезвароце, паведамляюць Al Arabia і Reuters.

Аль-Башыр будзе прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі да 1 сакавіка 2025 году.

Раней прэм'ер-міністар ураду Башара Асада Мухамад Газі аль-Джалалі заявіў, што згодны перадаць уладу Сырыйскаму ўраду выратаваньня, які базуецца ў Ідлібе, а таксама што ўлады гатовыя працаваць з новым урадам, выбраным народам Сырыі, і аказваць яму любую падтрымку.

Мухамад аль-Башыр нарадзіўся ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе Сырыі ў 1983 годзе. У студзені 2024 году ён быў прызначаны кіраўніком паўстанцкага «Сырыйскага ўраду выратаваньня», які кантралюе раёны на паўночным захадзе Сырыі, у тым ліку правінцыю Ідліб. Да гэтага ён займаў пасаду міністра разьвіцьця і гуманітарных пытаньняў.

Аль-Башыра таксама называюць блізкім паплечнікам лідэра пратурэцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і іншых краінах) Абу Мухамада аль-Джулані.

  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада. За некалькі дзён сырыйскія паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў. У ноч на 8 сьнежня паўстанцы абвясьцілі, што сталіца Сырыі Дамаск перайшла пад іх кантроль. Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк з краіны і атрымаў прытулак у Расеі. Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
  • З 2011 году ў Сырыі працягвалася грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў, а таксама ўдзельнічаючы ў наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што адбываецца ў Сырыі пасьля зрынаньня рэжыму Асада. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка ўпершыню адрэагаваў на зьвяржэньне рэжыму Асада ў Сырыі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што будзе з расейскімі вайсковымі базамі ў Сырыі пасьля падзеньня рэжыму Асада. Аналіз Свабоды