Па словах міністра, якія перадае TVN24, пытаньне пашырэньня буфэрнай зоны абгрунтаванае.
«Прычыны не зьнікаюць, хаця з розных прычын, у тым ліку праз [халодную] пару году, колькасьць спробаў незаконьнага праходу меншая. Мы разумеем, што тое, што там адбываецца, — элемэнт гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы», — сказаў Семоняк.
Кіраўнік МУС заявіў, што асобы, якія спрабуюць незаконна перасячы мяжу, выкарыстоўваюцца Беларусьсю пры падтрымцы Расеі. Ён паведаміў аб правядзеньні ў сьнежні канфэрэнцыі, на якой будзе прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб дзейнасьці памежнай службы і рэалізацыі міграцыйнай стратэгіі.
13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буфэрная зона (11 верасьня тэрмін яе дзеяньня быў падоўжаны на чарговыя 90 дзён).
Польскія ўлады спачатку рапартавалі, што са зьяўленьнем буфэру плыні нелегалаў значна скараціліся, аднак 26 верасьня віцэ-прэм’ер – міністар нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў аб узмацненьні ціску на мяжы.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
3 кастрычніка міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што да кантэксту Беларусі Польшча робіць у міжнародных адносінах усё, каб спыніць крызіс на мяжы. Ён таксама прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
Згодна з падлікамі «Позірку», зробленымі на падставе штодзённай афіцыйнай статыстыкі, найбольшая ў 2024 годзе колькасьць спроб незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі Польшча спыніла ў траўні — 7117. У чэрвені іх было 3773, у ліпені — 1323, жніўні — 2264, верасьні — 3044, кастрычніку — 1410, лістападзе — 1032.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Польшчы заявілі, што падазраваны ў забойстве польскага вайскоўца на беларускай мяжы трапіў у Эўразьвяз