У Беларусі разгарнуліся камандна-штабныя вучэньні. Сілавікі рыхтуюцца да выбараў

На вучэньнях, архіўнае фота

Вучэньні разьлічаныя на тры дні.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з 19 па 22 лістапада праводзіць на тэрыторыі Беларусі камандна-штабныя вучэньні. Яны праходзяць пад эгідай дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. Кіраваць вучэньнямі будзе кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

Камандна-штабныя вучэньні праходзяць з удзелам суб’ектаў дзяржаўнай сыстэмы рэагаваньня. Мерапрыемствы ўключаюць тэарэтычную і практычную часткі. Этапы пройдуць у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах, паведаміла прэс-служба МУС.

У міністэрстве папярэдзілі, што ў гэтыя дні «магчымае перамяшчэньне спэцтэхнікі зь перакрыцьцем вуліц, а таксама выкарыстаньне піратэхнікі».

Падчас вучэньняў сілавікі маюць намер паказаць «гатоўнасьць да апэратыўнага рэагаваньня на магчымыя ўскладненьні абстаноўкі ў краіне падчас электаральнай кампаніі». На мэце стаіць «недапушчэньне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягваньня грамадзян у супрацьпраўныя дзеяньні, спыненьне парушэньняў грамадзкага парадку».

Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Многія электаральныя кампаніі суправаджаліся фізычным гвалтам, разгонамі пратэстоўцаў і палітычна матываванымі судамі над нязгоднымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу: мянчанку накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне за дапамогу палітвязьням

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МУС Беларусі памяняла нормы, каб павялічыць кантроль за асуджанымі ў калёніях-пасяленьнях